Стымул да развіцця і ўдасканалення


Ганна Пархомава, Надзея Чухлова, Яўген Асіпенка і Паліна Маісеева.
Ганна Пархомава, Надзея Чухлова, Яўген Асіпенка і Паліна Маісеева.

Калі ты член прафсаюзнай арганізацыі навучэнцаў нашага каледжа, добра вучышся, маеш прыкладныя паводзіны, актыўны ў грамадскім жыцці, то можаш прэтэндаваць на дадатковую дабаўку да стыпендыі. Прафсаюзныя стыпендыі па выніках вучобы за паўгоддзе прысуджаюцца Віцебскім абкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу або раённым камітэтам гэтага прафсаюза. Яны зацверджаны шэсць гадоў назад і з’яўляюцца добрым стымулам да таго, каб нашы навучэнцы паспяхова займаліся, прымалі актыўны ўдзел у мерапрыемствах установы, імкнуліся быць першымі. Прэтэндэнтаў заўсёды шмат. Выбіраем найлепшых.

Па выніках вучобы за першае паўгоддзе гэтага навучальнага года прафсаюзнай стыпендыі абкама прафсаюза работнікаў АПК удастоена Паліна Маісеева. Яна ў свой час вывучылася ў нашым каледжы на прадаўца, затым набыла яшчэ і спецыяльнасці слесара па рамонце аўтамабіляў, вадзіцеля катэгорыі “С”. Была адзінай дзяўчынай у групе, з’яўлялася яе старастай. Удастойвалася і прафсаюзнай стыпендыі. А з 1 верасня зноў прыйшла ў каледж і цяпер атрымлівае спецыяльнасць “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў”. Па-ранейшаму старанная, настой­лівая, актыўная. Сярэдні бал паспяховасці — 8,4. За гэта і атрымала ад абкама прафсаюза работнікаў АПК дадаткова да стыпендыі 69 рублёў. Толькі на адну сотую адстаў ад Паліны Яўген Асіпенка, на тры сотыя — Ганна Пархомава. Ім, а таксама Надзеі Чухловай, якая асвойвае спецыяльнасць “Грамадскае харчаванне”, прысвоена стыпендыя ад раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК. Гэтыя навучэнцы — сапраўдныя лідары. Яны заслугоўваюць не толькі  пахвалы, але і матэрыяльнага заахвочвання.

У каледжы прайшла ўрачыстая цырымонія ўручэння прафсаюзных стыпендый. Выяўленне перспектыўнай моладзі — адна з прыярытэтных задач прафсаюзнай арганізацыі. Над гэтым працуем пастаянна. А стыпендыі ад прафсаюза — стымул да творчага развіцця і прафесійнага ўдасканалення і іншых членаў прафсаюза.   

А. КРАЎЧАНКА, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі

навучэнцаў Пастаўскага дзяржаўнага каледжа.

Фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.