Трэць стагоддзя ў аддзеле


Франц Станіслававіч Дунец з дачкой Жаннай.
Франц Станіслававіч Дунец з дачкой Жаннай.

Трыццаць тры з паловай гады аддаў Пастаўскаму РАУС Франц Станіслававіч Дунец. На службу ў міліцыю ён прыйшоў 1 сакавіка 1969 года, праз месяц пасля вяртання з арміі.

— Аднойчы сустрэў свайго знаёмага — Фёдара Міхайлавіча Варанца, які ў той час працаваў началь­ні­кам пашпартнага стала, — расказваў ветэран. — Загаварылі пра работу, і ён параіў мне пайсці вадзіцелем у дзяжурную часць, маўляў, ёсць месца. Не доўга думаючы, так і зрабіў. Праз паўгода прысвоілі званне малодшага лейтэнанта і назначылі старшым інспектарам Дзяржпажнагляду. Адпрацаваў там 8 гадоў, затым 11 — старшым інспектарам пазаведамаснай аховы. Паралельна закончыў завочна Мінскую вышэйшую школу МУС СССР. У 1988 годзе кіраўніцтва аддзела прапанавала мне ўзначаліць пашпартны стол, які пазней стаў называцца пашпартна-візавай службай. З гэтай пасады ў жніўні 2002-га пайшоў на пенсію.

Прыгадваючы пачатак службы і параўноўваючы тагачасныя ўмовы з цяперашнімі, Франц Станіслававіч называе шмат адрозненняў. Так, раней усе падраздзяленні РАУС размяшчаліся непасрэдна ў аддзеле. У будынку па вуліцы Савецкай, 43, знаходзіліся ў тым ліку ахова, ДАІ, пашпартны стол, якія сёння маюць іншыя адрасы. Іх прадстаўнікам часта даво­дзілася “дзяліць” адзін кабінет. Да таго ж колькасць супрацоўнікаў міліцыі была значна меншай, чым зараз. Напрыклад, у пачатку 70-ых гадоў Паставы абслугоўвалі ўсяго тры ўчастковыя інспектары, столькі ж было дзяржаўтаінспектараў. Не маглі пахваліцца міліцыянеры і добрай тэхнічнай забяспечанасцю.

— Гэта цяпер у кожным падраздзяленні сучасныя легкавыя аўтамабілі. А калі я прыйшоў у аддзел, на ўвесь РАУС была пара-тройка старэнькіх грузавых машын і некалькі матацыклаў, — успамінаў мой суразмоўца. — Працуючы ў Дзярж­пажнаглядзе, зімой на матацыкле аб’язджаў калгасы. Не ведалі мы, і што такое камп’ютары, ахоўныя сігналізацыі і сістэмы. Паперы — а іх і ў той час было нямала — пісалі ад рукі або друкавалі на машынцы, аб’­екты ахоўваліся вартаўнікамі. Трэба было ноччу ехаць у Лынтупы, Варапаева, правяраць, як яны нясуць службу.

Нягледзячы на ўсе складанасці, сваю работу Ф. С. Дунец выконваў добрасумленна. Ён не раз адзначаўся граматамі і грашовымі прэміямі кіраўніцтва РАУС, абласнога ўпраўлення і Міністэрства ўнутраных спраў. Атрымаў нават гадзіннік ад Пагранкамітэта за сумесную работу па ахове Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь. Двое дзяцей Франца Станіслававіча таксама выбралі нялёгкую міліцэйскую службу. Сын Андрэй закончыў Акадэмію МУС, працаваў на розных пасадах у РАУС, быў першым намеснікам начальніка аддзела, потым перайшоў у Дэпартамент фінансавых расследаванняў. Дачка Жанна — выпускніца юрфака БДУ. Пачынала ў следстве, затым некалькі гадоў адпрацавала ў кадрах, зараз — у аддзяленні па грамадзянстве і міграцыі.

Для іх, прадстаўнікоў розных пакаленняў, 100-годдзе беларускай міліцыі — сямейнае свята.

Тэкст і фота Алены ШАПАВАЛАВАЙ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.