У цэнтры ўвагі — жывёлагадоўля

Сельское хозяйство

0468

Кіраўнікі, галоўныя заатэхнікі, ветурачы, аграномы, інжынеры адкрытых акцыянерных таварыстваў раёна былі запрошаны нядаўна на чарговую калегію ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.  На ёй разгледжаны пытанні аб рабоце жывёлагадоўлі за два месяцы бягучага года і падрыхтоўцы да веснавых палявых работ.

Гаворачы аб выніках работы за два месяцы ў жывёлагадоўлі, першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аляксей Аляксеевіч Філімонаў адзначыў, што ў параў­нанні з адпаведным перыядам мінулага года яны лепшыя. Па прыбаўках раён займае трэцяе месца ў вобласці. На 1 сакавіка ў гаспадарках раёна налічвалася 34344 галавы жывёлы, у тым ліку кароў — 11884 (у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года гэта 101,1%). Колькасць жывёлы ўзрасла ў ААТ “Навасёлкі-Лучай”, “Кураполле-агра”, “Хацілы-агра”, “Камайскі-агра”, “Янавіца-агра”, “Сцяг Перамогі-агра”. З пачатку года вырашчана 12303 цэнтнеры жывёлы жывой вагой. Яе вытворчасць забяспечана на 113,2%. Дзяржаве рэалізавана 10909 цэнтнераў (127,9%). Прыбаўленне дасягнута за кошт вышэйназваных гаспадарак. Для прыкладу, ААТ “Навасёлкі-Лучай” павялічыла рэалізацыю ў 3,2 раза, 237,3% яна складае ў ААТ “Кураполле-агра”, 152,6 — “Янавіца-агра”, 149,6% — “Хацілы-агра”.

Валавая вытворчасць малака па раёне за студзень-люты склала 57455 цэнтнераў, рэалізацыя — 49937 (тэмпы росту да адпаведнага перыяду мінулага года —  104,3%). Прыбаўленне зноў жа далі ААТ “Навасёлкі-Лучай”, “Хацілы-агра”, “Янавіца-агра”, “Кураполле-агра”, “Сцяг Перамогі-агра” і райаграсэрвіс. Значны рост вытворчасці малака дасягнуты на малочнатаварных комплексах, даільныя залы якіх робатызаваныя.

У той жа час некаторыя сельгаспрадпрыемствы не выканалі прагнозных паказчыкаў. Стойлавае ўтрыманне жывёлы вядзецца з тэхналагічнымі парушэннямі, рацыёны жывёлы не збалансаваны, у некаторых гаспадарках кармоў не хапае. Калі, напрыклад, у ААТ “Хацілы-агра” на адну ўмоўную галаву жывёлы прыходзіцца 32,5 цэнтнера кармавых адзінак,  “Навасёлкі-Лучай” — 18,9, “Кураполле-агра” — 17,1, то ёсць і такія, дзе маюць усяго 6-4. Якія прывагі і надоі можна атрымаць пры такім кармленні?

Ідуць масавыя ацёлы кароў. Для павелічэння пагалоўя вельмі важна захаваць маладняк. На парадку дня і падрыхтоўка да выгану жывёлы на пашу. У першую чаргу трэба зрабіць рамонт перасоўных даільных установак, іншага абсталявання. Сярод асноўных задач па далейшым развіцці жывёлагадоўлі — павелічэнне пагалоўя дойнага статка, забеспячэнне росту прадукцыйнасці жывёлы, павышэнне таварнасці малака, строгае захаванне тэхналогій, умацаванне працоўнай дысцыпліны.

Удзельнікі калегіі наведалі ААТ “Навасёлкі-Лучай” і азнаёміліся з арганізацыяй зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы, звярнулі ўвагу на ўмовы працы і адпачынку жывёлаводаў, ад спецыялістаў атрымалі адказы на пытанні, якія іх цікавілі.

Пра падрыхтоўку да веснавых палявых работ на калегіі гаварылі намеснікі начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Марыя Юзэфаўна Клімёнак і Валерый Сцяпанавіч Мурза. Слушныя парады далі першы намеснік генеральнага дырэктара РВП “Віцебскае племпрадпрыемства” Анатоль Браніслававіч Шпыркін і першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Васільевіч Чэпік.

Анна АНІШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.