Весткі з Андронаўскай школы

Образование

i (1)

Другія ў вобласці

У пачатку вясны былі падведзены вынікі абласнога завочнага конкурсу самадзейных дзіцяча-юнацкіх сродкаў масавай інфармацыі “Слова за намі” і ў школу прыйшла прыемная навіна. У намінацыі “Лепшая газета” рэдакцыйная калегія “Школьнага калейдаскопа” Андронаўскай яслі-сад-базавай школы заняла другое месца.

На старонках выдання вучні сумесна з настаўнікамі расказваюць пра цікавыя справы піянераў, краязнаўчую работу, асвятляюць спартыўныя мерапрыемствы, пазнавальныя конкурсы і віктарыны. Спадзяёмся, што і па выніках другога паўгоддзя наша газета зойме пачэснае месца сярод абласных дзіцячых сродкаў масавай інфармацыі.

Шлях да зорнага Алімпа

У інтэлектуальным марафоне прынялі ўдзел 19 вучняў з 6—9-ых класаў. Такое мерапрыемства стала традыцыйным і праводзіцца ўжо ў шосты раз.

— Вельмі радуе, што з кожным годам павялічваецца колькасць удзельнікаў, — гаварыла старшыня журы, дырэктар школы Лілія Геронцьеўна Гінько. — Такая форма работы дае вялікі эмацыянальны зарад, надоўга запамінаецца дзецям. У многіх мяняецца стаўленне да вучобы, дадаецца сіл, з’яўляецца зацікаўленасць у пазнанні новага.

Па традыцыі першы этап складаўся з 250 пытанняў, у асноўным па гісторыі Беларусі і геаграфіі. Пасля яго завяршэння інтрыга толькі зараджалася, бо большасць удзельні­каў паспяхова справіліся з заданнямі. У другім туры “Гарады свету” спатрэбілася веданне палітычнай і фізічнай карт. Па прыступках пазнавальнай лесвіцы “Славутыя асобы планеты” патрабавалася прайсці хутка і без памылак. Многія так і зрабілі, чым паставілі журы ў складанае становішча. Адразу чатыры ўдзельнікі — васьмікласнікі Мікалай Усовіч, Яна Шуканава, Клімент Гінько і сямікласнік Аляксей Мароз — набралі па 36 балаў. Давялося праводзіць дадатковы конкурс, па выніках якога ганаровае званне “Эрудыт-2017” атрымаў Клімент Гінько. Другое месца заняў Мікалай Усовіч. Трэці вынік у Яны Шуканавай.

Дзякуючы Наталлі Пудэнка, якая выконвала лірычныя песні, у інтэлектуалаў была хвілінка для адпачынку.

Адпачылі ў “Расінцы”

У нашай школе вялікая ўвага надаецца адпачынку і аздараўленню дзяцей. Кожны год працуе дзённы спартыўна-аздараўленчы лагер “Сонейка”. У пачатку лета на працягу трох тыдняў тут вельмі насычаны графік адпачынку. У праграме спартыўныя мерапрыемствы, экскурсіі, велапаход па месцах баявой славы, тэматычныя конкурсы і віктарыны.

На працягу года дзеці з задавальненнем наведваюць санаторый “Расінка” ў Міёрскім раёне. Толькі ў трэцяй чвэрці гэтага навучальнага года там аздаравіліся Аляксей Мароз, Клімент Гінько, Мікалай і Максім Усовічы, Мікалай Мароз, Андрэй Лешчык, Кірыл Атрахімовіч.

Ю. КАТОВІЧ, настаўнік.  

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.