Вясёлка радасці

Образование

IMG_1056

У нашай школе прайшоў тыдзень пачатковых класаў. Адметна, што кожны яго дзень быў рознага колеру. Падабалася прыносіць цацкі, школьныя рэчы або апранаць  адзенне пэўнага колеру. Цікава было даведацца, што кожны колер абазначае.

Першы — блакітны. Гэты дзень пачаўся лінейкай. Мы даведаліся, якія мерапрыемствы нас чакаюць на працягу тыдня і як стаць пераможцамі ў іх. Першым выпрабаваннем для мяне і маіх аднакласнікаў стаў выпуск насценгазеты “Мой тата, мой дзед — абаронцы Айчыны”. Мы прынеслі фотаздымкі нашых бацькоў. А Дзіна Багушэвіч — здымкі не толькі брата, бацькі, дзядулі, але і пра­дзядулі — удзельніка Вялі­кай Айчыннай вайны. Ёсць кім ганарыцца, на каго раўняцца! Затым прайшло спаборніцтва па матэматыцы “Свая гульня”.

У наступны дзень — зялёнага колеру — мы з захапленнем глядзелі музычны спектакль “Тры парасяці”, ладзілі выставу “Ваенная тэхніка”. Чырвоны стаў днём спартыўных спабор­ніцтваў, у якіх разам з намі ўдзельнічалі і міліцыянеры. У жоўты дзень (23 лютага) у кожным класе хлопчыкі атрымалі віншаванні, а чацвёртакласнікі, да таго ж, сталі ўдзельнікамі сапраўднага “Рыцарскага турніру”. Да яго кожны з нас падрыхтаваў свой рыцарскі герб і дэвіз. Захапляльным стаў конкурс “Віншаванне для дамы сэрца”. Самым прыгожым і арыгінальным дзяўчынкі прызналі віншаванне Сашы Гінько.

Аранжавы дзень пачаўся з вясёлай зарадкі, у якой задзейнічалі ўсіх вучняў пачатковых класаў, а затым на ўрачыстай лінейцы былі падведзены вынікі тыдня. Самыя актыўныя атрымалі граматы і дыпломы. У нашым класе іх удастоены Данііл Свецікаў, Іван Лапушынскі, Сафія Таўбэ, Паліна Жыдковіч, Канстанцін Біцар, Даніла Расамацкі і я. Узнагародай для ўсіх стала запрашэнне на агульнашкольнае свята — Масленіцу, якое адбылося ў суботу. Вельмі радасна было разам з сябрамі вадзіць карагоды, удзельнічаць у конкурсах, частавацца блінамі, што прынеслі на свята вучні кожнага класа. А якое задавальненне катацца на конях!  На жаль, у тыдні мала дзён і ён так хутка скончыўся.

Павел ЯНКОВІЧ, вучань

4 “А” класа СШ № 2.  



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.