З павагай і любоўю — спакою і здароўя

Личности

Зінаіда Васільеўна Вярбіцкая з Аленай Іваніцкай, Таісай Баторы і Данатай Чарамных.
Зінаіда Васільеўна Вярбіцкая з Аленай Іваніцкай, Таісай Баторы і Данатай Чарамных.

Багатым на юбілеі выдаўся мінулы месяц у Валкоўскім сельсавеце. Імяніннікамі былі каля двух дзясяткаў чалавек. У іх ліку дзве старэйшыны: Сафія Цэзараўна Мычко з вёскі Гайдукі (65 гадоў) і Люцыя Браніславаўна Паганько з Норыцы (60 гадоў). Таццяна Віктараўна Каспер з Ласіцы адзначыла 85-годдзе. А Алімпіі Вікенцьеўне Гігола з Гігалаў споўнілася 95. Столькі ж і Зінаідзе Васільеўне Вярбіцкай з Ляхаўшчыны, і да яе мы завіталі якраз у тыя хвіліны, калі імянінніцу віншавалі прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскасці.

Старшыня Валкоўскага сельскага Савета Таіса Браніславаўна Баторы віншуе Зінаіду Васільеўну і ад усіх работнікаў сельвыканкама жадае здароўя і бадзёрасці, просіць выканаць праграму-мінімум — сустрэць стагоддзе, каб на тэрыторыі сельсавета быў такі паважаны юбі­ляр, у добрым настроі працягваць жыць і далей. Таіса Браніславаўна зачытала віншаванне ад раённага савета вэтэранаў, а потым разам з дырэктарам Ляхаўшчынскай школы Данатай Францаўнай Чарамных і мастацкім кіраў­ніком Ляхаўшчынскага сельскага Дома культуры Аленай Ула­дзіміраўнай Іваніцкай праспявалі песні-віншаванні, у якіх былі шчырыя пажаданні спакойнага жыцця і каб побач заставаліся надзейныя людзі.

А чаму ж ім не быць? Зінаіда Васільеўна Вярбіцкая — педагог па адукацыі, бесперапынна адпрацавала ў школе 34 гады (а агульны стаж — 40 гадоў). Увесь час вучыла пачаткоўцаў. У 1979-ым выйшла на пенсію, але сваіх выхаванцаў памятае і дагэтуль. Яна называла іх прозвішчы і імёны, гады нараджэння і нават хто з кім сядзеў за якой партай. Старалася навучыць кожнага. Займалася пасля ўрокаў дадаткова. Да заняткаў рыхтавалася грунтоўна: чытала разнастайную літаратуру, шукала або рабіла сама дыдактычны матэрыял, а пазней і пляменнік прывозіў неабходнае з Наваполацка. Класы былі вялікія, а працаваць адначасова даво­дзілася з двума: з першым і трэцім, другім і чацвёртым.

Ганарыцца, што многія з яе былых вучняў сталі гаспадарамі на зямлі, добрымі работнікамі ў розных сферах. Успамінала Віктара Будзіча, Юрыя Гваздоўскага, Валерыя Вештарта, Іосіфа Пяркоўскага, Алену Зелянкевіч, Мікалая Ластоўскага, Мар’яна Трапука і іншых. І яны не забываюць  сваю першую настаўніцу, па меры магчымасці дапамагалі і дапамагаюць ёй вырашаць гаспадарчыя пытанні.

Імянінніца прыгадала надзвычай цікавы выпадак, як некалькі гадоў таму, надвячоркам, пачуўся стук у дзверы. Адчыніла. Незнаёмец назваўся Уладзімірам Анкудовічам. Успомніла 1949 год, калі настаўнічала ў Малькавічах, а хлопчык Валодзя хадзіў у  4-ы клас. У той час некаторыя вяскоўцы выязджалі ў Польшчу. Выехала і сям’я Анкудовіч. І вось праз шмат гадоў чалавек прыехаў у госці, адшукаў настаўніцу і, стоячы на каленях і цалуючы рукі, прасіў прабачэння за тое, што, можа, калі пакрыўдзіў.

Не перастаю дзівіцца геніяльнай здольнасці жанчыны памятаць столькі фактаў, падзей, імён і прозвішчаў. Шкада, што падво­дзяць зрок і слых, а то была б яна, як і некалі, палітінфарматарам для суседзяў, калі выходзіла ў двор з газетай, чытала, расказвала навіны. А мы ў той святочны для педагога-ветэрана дзень з задавальненнем паслухалі яшчэ і аповед пра яе вучобу ў Полацкім педвучылішчы і выпускныя экзамены. Заставалася здаць толькі адзін — гісторыю педагогікі. Але і ў Зінаіды Васільеўны, і ў яе сяброў па вучобе яго прымала потым само жыццё, бо 22 чэрвеня 1941 года грымнула вайна. Памятае, як у лесе капалі акопы, зямлянкі, у якіх праводзілі шмат часу. Дамоў (жылі на Полаччыне) прыходзілі зрэдку, каб праверыць жыўнасць. Аднойчы жахнуліся ад убачанага: немцы прама ў хаце спалілі кнігі і ўсё, што вісела на сценах. А хата ж амаль новая, вялікая, бо і ­сям’я немалая — толькі дзяцей сямёра. Расказвала і пра партызанскі рух. А потым пра вызваленне і першыя гады працы — хадзі­ла ў татавым кажушку, валёнках, а праз які час на кірмашы змаглі купіць туфлі.

Хвілін праз колькі кнігу свайго жыцця наша суразмоўца адкрыла на любімай для сябе старонцы — “Жуперкі”. Працаваць у гэтай школе было цікава. Жыць сталі лепш, ужо і спяваць хацелася. Стварылі хор, выступалі з канцэртамі. Успамінала многіх настаўнікаў. Вельмі сябравала з Чаславай Веніямінаўнай Мацур, маладзенькай піянерважатай. Праз які час перабраліся ў Ляхаўшчыну — там быў трохі лепшы будынак. А ў 1974 годзе школа справіла наваселле. Радасці не было межаў: быт наладжаны, праца побач. Зінаіда Васільеўна ўдзельнічала ў грамадскай рабоце, неаднойчы была членам камісіі па выбарах дэпутатаў.

На пытанне, як цяпер жывецца, юбілярка адказала, што добра. Шчыра дзякавала ўсім сваім памочнікам і апекунам: сельскаму Савету і сельвыканкаму, лясніцтву, школе, былым калегам і цяперашнім вучням, якія прыходзяць разам з настаўнікамі ў святочныя дні і ў звычайныя, каб праведаць. 17 гадоў таму пахавала мужа, але людзьмі не забытая, бо сама заўсёды жыла ў згодзе з усімі. Найбольшую ж падзяку адрасавала былым суседзям і цудоўным людзям — Ганне Канстанцінаўне і Яўгенію Іосіфавічу Кукштэль: “Такіх — адзінкі. Яны — мая надзейная падтрымка, дзякуй ім за клопат”.

Ганна Канстанцінаўна ў сваю чаргу вельмі цёпла адзывалася пра падапечную: “Мудрая, чулая, адкрытая і адданая прафесіі — школе і дзецям, і за ўсё гэта заслугоўвае не толькі шматлікіх узнагарод, якіх у яе шмат, але і ўсенароднай павагі і любові”.

Галіна ПІШЧ.

Фота Уладзіміра КАЛІБАТАВА.    



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.