З удзелам “Балцкага Субстрату”


image (4)

На Камайшчыне адбылі­ся мерапрыемствы, прысвечаныя чарговым угодкам рэлігійнага дзеяча, публіцыста, паэта і драматурга Казіміра Сваяка. Пасля святой Імшы і выступлення гасцей з радзімы Казіміра Сваяка, Астравеччыны і гурта “Балцкі Субстрат” свята працягнулася ў Камайскім СДК канцэртам названага гурта (кіраўнік, гітара і голас — даследчык, кампазітар і спявак Максім Іўкін).

Аб сваёй творчасці ўдзельнікі “Балцкага Субстрату” распавядаюць так:  “Музыка гурта бярэ свае вытокі з узаемаперасячэння багатай акадэмічнай школы Беларусі з сучаснай паэзіяй ды ўнікальнай беларускай аўтэнтыкай. Песні не ўкладзены ў жорсткія стандарты жанру, стылю і тэматыкі. Гэта беларускія песні ХХІ стагоддзя”. Сёлета ўсе выступленні гурта адбываюцца ў межах святкавання 500-годдзя беларускага кнігадруку, пра што і сведчыў плакат на заднім плане сцэны.

51-12

Віктар Сямашка, які прыехаў на гэту сустрэчу з Беластока, чытаў свае вершы. Яны кранулі душы слухачоў, як і музыка ў выкананні паэта, журналіста, музыканта. Пакарылі і песні ў выкананні Максіма Іўкіна. Вельмі прыемна было паслухаць жывую музыку,  мілагучную родную  мову. Дарэчы, пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!” была праведзена віктарына пра жыццё і творчасць  беларускіх паэтаў. Пераможцы  атрымалі сувеніры.

Краязнаўца Іаланта Валуевіч на працягу многіх гадоў выступае як сувязное звяно паміж месцам працы Казіміра Сваяка ў камайскім касцёле і нашчадкамі на яго радзіме — у вёсцы Барань. Яна таксама завітала на Камайшыну з “Балцкім Субстратам” і сваімі сябрамі — прадпрымальнікам Іванам Мацясовічам і бібліятэкарам Мінскай абласной бібліятэкі імя Пушкіна Валянцінай Агінскай.

Пасля імпрэзы ксёндз Яцэк Хутман  запрасіў усіх яе ўдзельнікаў на святочны абед. Стравы былі вельмі смачныя, вялікае дзякуй гаспадыням. Але  самым адметным стаў бігас, прыгатаваны ксян­дзом Яцэкам для гасцей. У хатняй, утульнай  абстаноўцы размаўлялі, спявалі беларускія народныя песні, жартавалі і смяяліся.

Г. БРАЗЮЛЬ,

 дырэктар Камайскага  СДК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.