А якія ўраджаі атрымлівалі!


Звеннявыя механізаваных звенняў па вырошчванні льну (1979 год) з кіраўніцтвам раёна.
Звеннявыя механізаваных звенняў па вырошчванні льну (1979 год) з кіраўніцтвам раёна.

У  канцы сакавіка ў раённым Доме культуры ўрачыста адзначалася 30-годдзе ветэранскай арганізацыі Пастаўшчыны. Пад уражаннем ад гэтай цёплай, кранальнай сустрэчы хачу падзяліцца ўспамінамі пра тое, як амаль сорак гадоў таму пачынаўся мой працоўны шлях на роднай зямлі.

У 1966-ым я скончыў Смальянскі сельскагаспадарчы тэхнікум, дзе рыхтавалі кіруючыя кадры для саўгасаў і калгасаў. Шэсць гадоў адпрацаваў у Аршанскім раёне, а ў 1972-ім пераехаў з сям’ёй на Пастаўшчыну, дзе мне прапанавалі пасаду галоўнага агранома ў калгасе імя Калініна. Працаваў да сакавіка 78-га, а пасля быў залічаны ў штат абласнога Камітэта народнага кантролю інспектарам Пастаўскага КНК, які ў той час узначальваў Васілій Іванавіч Сцепаненка. Праз год мяне перавялі на пасаду галоўнага агранома ўпраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама, з якой і пайшоў на пенсію ў 1997 годзе.

Сёння, успамінаючы гады работы за той перыяд, лічу, што мне вельмі пашанцавала, бо давялося жыць і працаваць з людзьмі, якія валодалі ўнікальнымі аргані­затарскімі здольнасцямі, прафесіяналізмам, высокім пачуццём адказнасці перад простымі працаўнікамі раёна, рабілі ўсё для паляпшэння іх жыцця, умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы прадпрыемстваў горада, сельскай гаспадаркі. Многія, на жаль, ужо пайшлі з жыцця, але пакінулі ў сэрцах тых, хто іх ведаў і разам працаваў, светлую памяць. Гэта першыя сакратары райкама КПБ Валянціна Аляксееўна Клачкова, Барыс Імпалітавіч Гаўрыльчык, старшыня Камітэта народнага кантролю і першы старшыня раённага савета ветэранаў Васілій Іванавіч Сцепаненка, старшыня райвыканкама Васілій Васільевіч Чэпік, які вельмі многае зрабіў для развіцця раёна.

Упраўленне сельскай гаспадаркі ў той час узначальваў Эдуард Францавіч Ляшковіч. З першых дзён работы адчуў яго вялізную падтрымку. Заўсёды стрымана, роўна, спакойна ён раскрываў мне сакрэты кіраўніцкай дзейнасці, даваў карысныя парады, прафесійна нацэльваў маю работу. У ім спалучаліся павага да падначаленых спецыялістаў і радавых працаўнікоў, арганізатарскія здольнасці і патрабавальнасць, быў чалавекам з адкрытай душой, да якога можна было звярнуцца па параду ў любы час. З ім лёгка працавалася, а яго даручэнні і заданні хацелася выканаць хутка і якасна. Усяму таму станоўчаму, чаму навучыўся за гады сумеснай работы, абавязаны Эдуарду Францавічу.

З 1979 года ў раёне было 33 калгасы і 5 саўгасаў. Ворыўнай зямлі мелася 63500 гектараў (62% у структуры ўсіх сельскагаспадарчых угоддзяў), з іх 19960 — асушаныя. Зерневыя займалі 54,9% пасяўных плошчаў, лён — 7,4%, бульба — 5,2%, агародніна — 0,3%, астатнія 33% адво­дзіліся пад кармавыя культуры. Сярэдняя ўраджайнасць зерневых вагалася ад 21 ц/га (1970 год) да 34,6 ц/га (1976 год). У самым ураджайным, 76-ым, валавы збор склаў больш за 100 тысяч тон. Раён па гэтым паказчыку займаў вядучае месца ў вобласці. Упершыню калгасы імя Суворава (старшыня А. А. Валодзька, аграном В. В. Мукель), “Ленінскі шлях” (М. М. Кляпец, В. І. Канаш) атрымалі ўраджайнасць па 40 цэнтнераў з гектара. У 1979 годзе такія ж намалоты  былі ў калгасах “Уперад” (Г. І. Майзеліс, П. Е. Аўрамаў), “Бальшавік” (Г. С. Лешчык, Г. Г. Старавойтава), “Прагрэс” (В. Я. Лапушынскі, Я. Ф. Васілеўскі), імя Асяненкі (В. Я. Прыходзька, В. Э. Цітовіч), “Шлях да камунізму” (У. Н. Марозаў, М. С. Шырэй), “Перамога” (М. В. Шчучка, Д. Б. Русак), саўгасе “Пастаўскі” (К. Ф. Марцынкевіч, Ф. А. Гусакоў). Усе гаспадаркі перавыконвалі планы па продажы збожжа дзяржаве.

Шырока ўкаранялася інтэнсіўная тэхналогія вырошчвання бульбы, ільну — культур, якія патрабавалі вялікіх затрат ручной працы. Пад лён у раёне адводзі­лася 4500 га, пад бульбу — 2500 га. На механізаваную апрацоўку прыцягвалася вялізная армія самых вопытных і адказных механізатараў, якія рабілі сваю работу якасна, не лічыліся з часам, не падзялялі на выгадную і нявыгадную, а шчыравалі ў полі ўвесь светлавы дзень. У 1979 годзе ў раёне мелася 69 механізаваных звенняў па вырошванні бульбы і 72 ільнаводчыя. Іх узначальвалі механізатары, якія валодалі пэўнымі ведамі па тэхналогіі вырошчвання  гэтых культур. На ўвесь перыяд за імі замацоў­валі найноўшую тэхніку, цэлы комплекс пасяўных і ўборачных машын. У кожнай гаспадарцы былі распрацаваны мерапрыемствы па стымуляванні механізатараў да павышэння прадукцыйнасці працы і атрымання яшчэ вышэйшых ураджаяў. Зімой гэта катэгорыя механізатараў навучалася новым тэхналогіям, выязджала ў перадавыя гаспадаркі для абмену вопытам. Запрашалі ў раён навукоўцаў з Горацкай сельгасакадэміі, рэспубліканскіх інстытутаў ільна- і бульбаводства, свае рэкамендацыі сельскім працаўнікам давалі і раённыя спецыялісты. Арганізацыя такой вучобы заўсёды знаходзілася ў полі зроку кіраўніцтва раёна.

Звеннявыя механізаваных звенняў па вырошчванні бульбы (1979 год) з кіраўніцтвам раёна.
Звеннявыя механізаваных звенняў па вырошчванні бульбы (1979 год) з кіраўніцтвам раёна.

Усё гэта давала адчувальныя вынікі: зніжаўся сабекошт ільнотрасты, бульбы, павышалася ўраджайнасць, расла прадукцыйнасць працы. Напрыклад, механізаванае звяно па вырошчванні бульбы пад кіраўніцтвам І. І. Януковіча ў саўгасе імя Леніна (дырэктар Л. Б. Квяткоўскі, аграном А. І. Александровіч) атрымлівала ўраджайнасць 250-300 ц/га. За сваю працу І. І. Януковіч атрымаў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. У калгасе “Ра­дзіма” (старшыня А. В. Шакола, аграном Б. А. Матошка) механізаванае звяно ў складзе І. Ф. Мальца, В. В. Галінскага на чале з М. М. Мацюшонкам вырошчвала бульбу на 200 гектарах і атрымлівала з кожнага больш за 200 цэнтнераў. Звеннявы ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Такую ж узнагароду атрымала і аграном гэтай гаспадаркі Б. А. Матошка. Высокіх ураджаяў бульбы дабіваліся звеннявыя П. С. Гваздоў (калгас “Гігант”), Чашун, Турла (“Дружба”), Б. Л. Кірплюк, З. І. Лоўкіс, Ф. І. Курто (імя Мічурына), А. А. Антух (імя Асяненкі), І. А. Мацур (саўгас “Пастаўскі”).

У раёне ў тыя гады лён вырошчваўся на плошчы 4500 га. Сярэдняя ўраджайнасць складала 4-4,5 ц/га ільновалакна і 3,6 ц/га льнасемя, а ў калгасах “Прагрэс”, “Ленінскі шлях”, “Уперад”, “Сцяг Перамогі”, імя Калініна, дзе працавалі механізаваныя звенні, яна дасягала 6 ц/га і вышэй. Лён заўсёды быў прыбытковым, прыносіў важкі ўклад у эканоміку гаспадарак. Напрыклад, у калгасе “Прагрэс” (старшыня В. Я. Лапушынскі, аграном Я. Ф. Васілеўскі, звеннявыя Л. Павініч, Т. Райчонак, В. Бароўка) лён вырошчвалі на плошчы 300 гектараў. У канцы года пры падвядзенні вынікаў атрымлівалі за сваю работу вялікія грашовыя прэміі ўсе, хто меў дачыненне да льнаводства, а калгасная казна адчувальна папаўнялася за кошт продажу трасты. За свае даходы гаспадаркі ўзводзілі грамадскія пабудовы, механізаваныя зерне­склады, зернесушылкі, бульба­сховішчы і сартавальныя пункты, механізаваныя машынна-трактарныя майстэрні, набывалі новую сельскагаспадарчую тэхніку.

Праца спецыялістаў, земляробаў адзначалася дзяржаўнымі ўзнагародамі. Ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга ўзнагароджаны трактарыст калгаса “За Радзіму”  Б. М. Б. Турон, ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі — трактарысты калгасаў імя Мічурына і “Шлях да камунізму” І. Ф. Бурак, В. А. Сцепанян (і “Знак Пашаны”), аграном калгаса “Слава” В. Э. Цітовіч (і “Знак Пашаны”), галоўны аграном калгаса “Перамога” Д. Б. Маслюк (і Працоўнага Чырвонага Сцяга). Такіх жа ўзнагарод удастоена звеннявая па льне Р. П. Нагановіч.

Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга адзначаны трактарысты У. А. Асяненка, І. І. Балошка, Т. І. Васільеў, Ф. А. Грынько, В. М. Дзеравянка, Б. Л. Кірплюк (і “Знак Пашаны”), В. М. Мяшкела, В. К. Харашэвіч, В. У. Якубовіч, звеннявыя Л. А. Вырвіч, А. Я. Грынько, Ф. Б. Далжонак, І. К. Малец, І. Ф. Маслоўскі (і “Знак Пашаны”), М. М. Мацюшонак (і “Знак Пашаны”), К. С. Машара, А. А. Пяткевіч, В. В. Рыхліцкая, Э. М. Ціхан, І. І. Якубовіч, галоўныя аграномы Ф. А. Гусакоў, М. В. Казенка (і “Знак Пашаны”), В. І. Канаш, Б. А. Матошка (і “Знак Пашаны”), Г. Р. Старавойтава. Ордэнам Дружбы народаў адзначаны трактарыст П. І. Буцько (і Працоўнай славы ІІІ ступені, “Знак Пашаны”), звеннявыя Г. П. Антух, А. А. Вярбіцкі, Я. М. Галаўко, галоўны аграном У. У. Галаўко. І гэта далёка не поў­ны пералік ардэнаносцаў і ветэранаў сельскай гаспадаркі, чые прозвішчы занесены ў гісторыка-дакументальную хроніку “Памяць. Пастаўскі раён”.

Хачу ўзгадаць і тых, з кім пачынаў і завяршаў свой працоўны шлях, падзякаваць за нялёгкую, карпатлівую працу, узаемаразуменне. Гэта аграном-аграхімік Святлана Сцяпанаўна Лукашук, аграном па ахове раслін Тамара Сяргееўна Самсонава, аграном-насеннявод Ванда Эдмундаўна Цітовіч, галоўныя аграномы гаспадарак Мікалай Мікалаевіч Мацюшчанка, Вячаслаў Міхайлавіч Буча, Баляслава Аляксандраўна Матошка, Ганна Вацлаваўна Астравух, Вера Васільеўна Мукель, Галіна Рыгораўна Старавойтава, Марыя Іосіфаўна Цяльцова, Іосіф Валяр’янавіч Траццяк, Васілій Міхайлавіч Ціцянкоў. Многія з іх таксама ўдастоены высокіх дзяржаўных узнагарод.

На мяжы 30-годдзя ветэранскай арганізацыі раёна, перагарнуўшы старонкі мінулага, адкрыем для сябе крыніцу сіл, бадзёрасці і аптымізму, каб жыць далей, не паддавацца смутку, не пасаваць перад цяжкасцямі. Усім ім жадаю здароўя і доўгіх гадоў жыцця на радасць сваім блізкім, дзяцям, унукам. Шчодра перадавайце свой багаты жыццёвы вопыт маладому пакаленню.

Г. ЗЯМЧОНАК, ветэран

працы сельскай гаспадаркі.