Бабулін камень

Общество

284422863

Кожны год перад Радаўніцай  на аўтобусе ці спадарожным транспарце ездзі­ла на могілкі ў Андроны. Сёлета павезлі на машыне дачка і зяць. Раніцай узялі патрэбны інвентар, кветкі, абед і рушылі ў дарогу. На могілках пахаваны мой бацька, дзядуля, дзядзька. Работы сабралася многа, але ўтраіх управіліся хутка. Паставілі свечкі, кветкі, памаліліся. Потым паехалі паглядзець вёску. Яшчэ памятаю, хто жыў у першых хатах. Тут стаяла і наша. Цяпер яе няма — на гэтым месцы пабудавана новая. Засталася толькі алея ліп, што вядзе да рэчкі. Некалі былі маладыя дрэўцы, цяпер — магутныя.

Паказала дзецям дарогу направа: тут стаяў прыгожы клуб з калонамі, лепшы ў раёне. Сюды бегала на танцы і ў кіно. Цяпер гэта нейкія прыстасаваныя будынкі. Далей — новая вёска: двухпавярхоўкі, клуб, магазін, пошта. Аграгарадок прыгожы, чысты, многа кветак.

Едучы назад, павярнулі да хутара, дзе я нарадзілася і жыла. Не была там шэсць дзясяткаў гадоў. Сэрца ад хвалявання калацілася. Праехалі паўтара кіламетра да месца, дзе стаяла сядзіба, а там… няма і знаку. Калісьці быў лясок, раслі дрэўцы. Я разгубілася. На ўскрайку поля заўважылі механізатараў. Запыталіся, ці ведаюць яны, дзе тут стаялі хутары. Яны адказалі, што гэтыя землі нядаўна далучылі да гаспадаркі “Хацілы-агра”, а самі — не тутэйшыя. Паразмаўлялі і развіталіся.

На ўскрайку нівы заўважылі груду камянёў. Я адразу здагадалася, што яны з падмуркаў нашых сядзіб, бо на гэтых землях камення няма. Яны ляжалі прыгожыя, вымытыя дажджом і асветленыя сонцам. Дачка і кажа: “Возьмем з сабой на памяць пра мамін хутар”. Паклікалі трактарыстаў, якія дапамаглі нам пагрузіць самы прыгожы камень у багажнік. Выбралі і другі, невялічкі, для дачкі, якая жыве ў Германіі.

Цяпер адзін з іх, вялікі, ляжыць на самым пачэсным месцы ля хаты дачкі, пад Мінскам, другі — у Германіі, ля дома другой дачкі. Унучка паказвае гэты камень сваім сябрам і з гонарам гаворыць: “Гэта бабулін камень з Беларусі!”

С. КУРЦІН,

г. п. Лынтупы.