Без нечаканасцей

Спорт

partner-04_0

Раней за іншых завяршыла барацьбу ў чэмпіянаце краіны чацвёрка клубаў вышэйшай лігі з абодвух дывізіёнаў, якая змагалася за выніковыя 7-10 месцы. Сярод іх быў і ўладальнік сярэбраных медалёў дывізіёна “Б” — пастаўскі “Атлант”. Пастаўчане ў практычна аптымальным складзе  правялі тры заключныя матчы сезона  на сучасным спарткомплексе “Алімп” у Брэсце.

1 дзень. “Атлант” (Паставы) – “Заходні Буг” (Брэст) – 1:3

(27:25; 13:25; 9:25; 12:25).

  На жаль, у нашай камандзе зноў не згуляў вядучы дыяганальны нападаючы Мікалай Фітковіч. А распасоўшчык Васіль Коўтун з-за болю траўміраванай нагі гуляў толькі эпізадычна — даваў крыху адпачыць свайму маладому калегу Дзмітрыю Аксёненку. Нягледзячы на гэта, наша каманда нечакана вельмі моцна пачала матч супраць фаварытаў турніру і выйграла стартавы сэт. Але больш вопытныя брэстаўчане перад сваімі балельшчыкамі хутка дабіліся чарговай перамогі і датэрмінова занялі 7-е месца. Сталічны “РДВАР-1” паўторна адолеў з лікам 3:0 магіляўчан і фінішаваў на 8-м месцы.

2 дзень. ВК “Магілёў” – “Атлант” (Паставы) – 3:1

(25:22; 25:14; 19:25; 25:21)

 У наступным паядынку пастаўчане на роўных змагаліся з яшчэ адной прафесійнай камандай з Магілёва і ледзь не пераламалі на сваю карысць ход матча. На жаль, з-за неналежнай фізпадрыхтоўкі ў рашаючы момант яны стаміліся, дапусцілі шэраг памылак і саступілі моцнаму саперніку. Пасля гэтай сустрэчы стала вядома, што пастаўчане ў чэмпіянаце Беларусі зоймуць 10-е месца незалежна ад выніку апошняга матча з мінчанамі, якія плануюць гуляць у эліце.

3 дзень. “РДВАР-1” (Мінск) – “Атлант” (Паставы) – 3:0

(25:23; 25:21; 25:18).

Настрой у пастаўчан быў прыўзняты, бо камандзе і трэнерскаму штабу прадстаўнікі федэрацыі валейбола Беларусі ўручылі заслужаныя ўзнагароды. Уладальнікамі сярэбраных медалёў і імянных дыпломаў сталі трэнеры Г. Г. Савосін, М. С. Рамейка, П. А. Вавінскі, а таксама ігракі Д. Аксёненка, Д. Бабровіч, І. Гінько, В. Варанец, А. Русак, А. Каспер, Д. Радзевіч, Д. Шышко, П. Марцінкевіч. В. Коўтун, А. Сідарэнка, Я. Сакалоўскі, Д. Захарэвіч, Ю. Рабека, М. Ралавец, А. Шнітоўскі, М. Фітковіч. У заключнай сустрэчы трэнеры выставілі нашу моладзь, якая старалася, але ў канцоўках мінчане аказаліся мацнейшымі. У выніку перад пастаўчанамі на 9-м месцы фінішавала каманда Магілёва, на 6-м завяршыла барацьбу віцебскае “Марка” з экс-атлантаўцамі У. Юзвовічам і І. Петрачэнкам. Уладальнікамі бронзавых медалёў у складзе “БАТЭ-БДУФК” (Барысаў) сталі двое нашых землякоў — А. Рабека і А. Вярбіцкі.                                                                                                   

Уладзімір ШЫК.