“Будзь з намі — і ты не будзеш адзін”

Экономика

IMG_0454

Такі дэвіз работы прафсаюзнага лідара абласнога дзіцячага рэабілітацыйнага аздараўленчага цэнтра “Ветразь” Святланы Паўлаўны Галатылец. Яна —  дзіцячы зубны ўрач. У цэнтры працуе з дня яго адкрыцця. Прафсаюзную арганізацыю ўзначальвае другі год.

Вядома, гэта дадатковая нагрузка, — гаварыла Святлана Паўлаўна. — Акрамя асноўнай работы, займаюся сацыяльнай і арганізацыйнай. У мае абавязкі ўваходзіць віншаванне з юбілеямі, набыццё падарункаў да свят, збор каманды для ўдзелу ў спартыўных спаборніцтвах, арганізацыя культурных мерапрыемстваў і іншае. Мне падабаецца працаваць з людзьмі, жыць іх інтарэсамі.

Работу прафсаюзны лідар пачала з індывідуальных гутарак, бо на той час у прафсаюзе было толькі 84 працэнты калектыву. Падымала гэту тэму на планёрках у галоўнага ўрача, агульных сходах. Справа зрушылася з месца — к канцу мінулага года ўвесь калектыў (а гэта 180 чалавек) — члены прафсаюза.

Такога выніку ўдалося дасягнуць дзякуючы ўзаемаразуменню і падтрымцы з боку былога галоўнага ўрача, — расказвала С. П. Галатылец. — Сацыяльнае партнёрства адміністрацыі і прафсаюзнага камітэта лічу вельмі важным. 15 лютага калектыў узначаліў Сяргей Юрыевіч Петухоў. Адразу стаў унікаць не толькі ў асноўную работу “Ветразя”, але і прафсаюзнай арганізацыі. З ім мы перагледзелі запланаваныя мерапрыемствы, калектыўны дагавор. Згодна з ім, члены прафсаюза маюць дадатковыя льготы. Сярод найбольш значных — 50-працэнтная скідка на праходжанне платных фізіятэрапеўтычных працэдур. Чалавеку, які захварэў і доўга лечыцца з прымяненнем дарагіх лякарстваў, таксама аказваецца матэрыяльная дапамога. Без увагі прафсаюза не абыходзіцца ні адзін юбілей работнікаў, прадугледжаны выплаты пры выхадзе на пенсію.

Вялікая ўвага надаецца дзецям членаў прафсаюза. Напярэдадні Новага года разам з вядомай кампаніяй “ДИАР”, газетай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Беларускі час” і ўнітарным прадпрыемствам “Выдавецкі дом “Праф-Прэс” удзельнічалі ў дабрачыннай акцыі “Падарунак дзецям”, за што атрымалі падзяку.  

У “Ветразі” ўмеюць не толькі добра працаваць, але і цікава адпачываць. Тут ёсць цудоўны цэнтр адпачынку на 320 пасадачных месцаў, добрая спартыўная база, дзе займаюцца не толькі выхаванцы, але і члены калектыву. Актыўныя, ініцыятыўныя, яны адклікаюцца на любую прапанову разнастаіць жыццё. Арганізуюцца спаборніцтвы паміж педагогамі і медыкамі, цікава праходзяць вечары адпачынку, канцэрты, прымеркаваныя да прафесійных свят, конкурсы прафмайстэрства сярод работнікаў аздараўленчага цэнтра. Выбіраюцца члены прафсаюза на экскурсіі, актыўна наведваюць канцэрты вядомых артыстаў, якія нярэдка прыязджаюць у райцэнтр.

— Сумесныя святы згуртоўваюць калектыў, — сцвярджала Святлана Паўлаўна. — Многія мерапрыемствы ладзім сумесна з калегамі з ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы і цэнтральнай раённай бальніцы. Дэвіз работы прафсаюза просты: быць не побач з чалавекам, а разам з ім, дзяліць радасці, падтрымліваць у бядзе, пастаянна ахінаць увагай. Часам уменне ўважліва выслухаць, зразумець, даць слушную параду, дапамагчы ў канкрэтным выпадку важней за грошы. Людзі бачаць, што прафсаюз — гэта дапамога, дадатковыя магчымасці, цікавы адпачынак, гатоўнасць пачуць праблемы работнікаў і жаданне дапамагчы ў іх вырашэнні, наколькі гэта магчыма.

Анна АНІШКЕВІЧ.

Фота аўтара.