Бяруць у рукі скальпель маладыя

Общество

Арцём Табуноў і Наталля Калоцій.
Арцём Табуноў і Наталля Калоцій.

Столькі маладых спецыялістаў, як летась, Пастаўская ЦРБ не прымала, напэўна, ніколі. На работу ў наш раён прыехалі ажно 12 урачоў розных спецыяльнасцей і правізар.

Усе яны, за выключэннем аднаго тэрапеўта, якога накіравалі ў Лынтупы, прыбылі ў цэнтральную райбальніцу, дзе апош­нім часам адбываецца змена пакаленняў. Дзякуючы маладым медыкам, істотна абнавіўся калектыў хірургічнага аддзялення бальніцы. У мінулым годзе тут прыступілі да работы адразу тры ўрачы, два з якіх — Наталля Калоцій і Арцём Табуноў — учарашнія выпускнікі Віцебскага мед­універсітэта. Прычым Арцём прыехаў у Паставы разам з жонкай — урачом-анестэ­зіёлагам, якая пакуль знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці.

У адрозненне ад сваёй калегі і аднакурсніцы Наталлі, якая родам з Пастаў, Арцём нарадзіўся і вырас у пасёлку Лужасна пад Віцебскам. Там закончыў школу-інтэрнат-гімназію для адораных і таленавітых дзяцей, а затым лячэбны факультэт ВДМУ, куды паступіў з першага разу на бюджэтнае аддзяленне. Па яго словах, стаць хірургам вырашыў яшчэ ў дзя­цінстве, калі аднойчы зламаў нагу і давялося пэўны час ляжаць у бальніцы. Тады, назіраючы за работай урачоў, з’явілася жаданне таксама дапамагаць людзям. Бацькі-настаўнікі выбар сына адобрылі.

— З першых курсаў універсітэта я пачаў займацца ў хірургічным гуртку, хадзіць на аперацыі, — расказваў Арцём. — А калі на размеркаванні прапанавалі паехаць працаваць у Паставы, адразу згадзіўся, бо чуў, што тут добрая бальніца і дружны калектыў. Праўда, будучую жонку, з якой вучыўся на адным курсе і ажаніўся пасля заканчэння ўніверсітэта, перспектыва змяніць абласны цэнтр на раённы не вельмі абрадавала. Але ў выніку яна прыняла рашэнне адправіцца ўслед за мной.

У Паставах маладая сям’я, у якой падрастае аднагадовы сын Косця, пакуль здымае кватэру ў шостым гарадку. У хуткім часе кіраўніцтва раёна абяцае прадаставіць ёй арэнднае жыллё. Гэта, а таксама сардэчнасць, з якой Арцёма прынялі ў райбальніцы, і дапамога ў рабоце вопытных калег, у прыватнасці У. С. Чараўко і загадчыка хірургічнага аддзялення І. М. Забенькі, усяляюць у яго ўпэўненасць у заўтрашнім дні і ўласных сілах.

Нягледзячы на тое, што працуе ўсяго восем месяцаў, А. Табуноў правёў ужо больш за 50 аперацый рознай складанасці, двойчы пабываў на курсах павышэння кваліфікацыі ў Віцебску. Кожныя два месяцы, па чарзе з Н. Калоцій, вядзе прыём пацыентаў у паліклініцы, дзе таксама набіраецца практычнага вопыту. Актыўны і ў грамадскім жыцці: у складзе каманды ЦРБ ­удзельнічаў у “Пастаўскай лыжні”, затым — у абласной у Гарадку, цяпер збіраецца выступаць у бальнічным клубе вясёлых і знаходлівых.

З дзяцінства марыла быць урачом і Наталля Калоцій. Тым больш што ў сям’і ўжо меліся двое медыкаў: бабуля па бацькавай лініі ў свой час працавала медсястрой, маці — фельчар-лабарант. Гэта жаданне не перамагла нават любоў да сольных спеваў, якімі займалася на працягу 10 гадоў. Але станавіцца за аперацыйны стол дзяўчына зусім не збіралася.

— З універсітэта я выпусцілася тэрапеўтам. А потым, даведаўшыся, што ў Паставах не хапае хірургаў, пры садзейнічанні Уладзіміра Мікалаевіча Чакавага закончыла інтэрнатуру па хірургіі і пераразмеркавалася па гэтай спецыяльнасці. Таму да работы прыступіла не 1 жніўня, як усе астатнія, а ў лістападзе, — патлумачыла яна.

Як і Арцём, Наталля ўжо праводзіць свае першыя аперацыі пад пільным наглядам старэйшых калег. Кажа, што няма страху ад самога працэсу аперыравання, наадварот, беручы ў рукі скальпель, унутрана настройваецца і збіраецца. Вельмі стараецца зрабіць усё належным чынам.

— Абое маладыя хірургі добра падрыхтаваныя тэарэтычна, — гаварыў загадчык аддзялення І. М. Забенька. — І мы імкнёмся прыцягваць іх да ўсіх аперацый. Упэўнены: усё ў рабят атрымаецца.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.