Былыя «афганцы» акрэслілі задачы


2314

Кожныя 5 гадоў у нашай краіне праходзіць з’езд Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане (БСВВА). Чарговы, дзявяты па ліку, адбыўся 8 красавіка 2017 года ў Мінску, у цэнтральным Доме афіцэраў. Уражаннямі падзяліўся дэлегат з’езда Валерый Лушчык, старшыня Пастаўскай раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане.

— Валерый Антонавіч, раскажыце, калі ласка, пра склад удзельнікаў з’езда.

— Пачну з таго, што сёння Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане — адно з самых буйных у краіне грамадскіх аб’яднанняў. У яго складзе налічваецца больш за 13,5 тысячы чалавек. На з’ездзе сабраліся кіраўнікі і прадстаўнікі абласных і раённых ветэранскіх арганізацый Беларусі — усяго каля 500 чалавек.

На мой погляд, надзвычай важным палітычным аспектам сустрэчы «афганцаў» стала прысутнасць на ёй ганаровых гасцей з Расіі і Украіны. У прыватнасці, гэта Франц Клінцэвіч — лідар агульнарасійскай грамадскай арганізацыі “Расійскі Саюз ветэранаў Афганістана” — і яго ўкраінскі калега Сяргей Чырвонапіскі. Гэта легендарны дэсантнік. На вайне ён страціў ногі, зараз ходзіць на пратэзах, але працягвае актыўна працаваць. Той факт, што ветэраны баявых дзеянняў з розных краін не падзяляюцца, а працягваюць руку дапамогі адно аднаму, у святле апошніх палітычных падзей гаворыць пра многае. Таксама ў ліку дэлегатаў з’езда быў генеральны пракурор Беларусі, былы «афганец» Аляксандр Канюк.

— Якія пытанні ўдзельнікам з’езда давялося вырашаць?

— З’езд любога грамадскага аб’яднання перш за ўсё — справаздачна-выбарнае мерапрыемства. Таму спачатку вырашалі арганізацыйныя пытанні: падвялі вынікі работы старога савета БСВВА і абралі яго новы склад. Кіраўніцтва саветам на чарговыя 5 гадоў вырашылі пакінуць за Валерыем Уладзіміравічам Гайдукевічам — генерал-маёрам запасу, намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Для мяне было надзвычай прыемна, што ў новы склад рэспубліканскага савета ўвайшоў Валерый Сцяпанавіч Гарачка — камандзір цяпер ужо былой авіяцыйнай эскадрыллі ў Паставах. У свой час мы з ім цесна ўзаемадзейнічалі па пытаннях ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі. Спадзяюся на плённае супрацоўніцтва і цяпер.

— Я правільна разумею, што ваенна-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення — адна з асноўных задач Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане?

 — Сапраўды, задачы патрыятычнага выхавання па-ранейшаму застаюцца прыярытэтнымі для нашага аб’яднання. Мне думаецца, што воіны-інтэрнацыяналісты — годны прыклад, на якім можна выхоў­ваць нашу моладзь, вучыць яе правільным адносінам да жыцця і да сваёй Радзімы, рыхтаваць юнакоў да службы ў арміі.

Яшчэ адна надзвычай важная задача, якую ставіць перад сабой Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане, — сацыяльная ахова і рэабілітацыя былых удзельнікаў баявых дзеянняў, а таксама падтрымка сем’яў тых, хто загінуў. Шмат зроблена, каб гэтыя людзі не адчувалі сябе пакінутымі, у тым ліку і ў нашым раёне. Пастаўская раённая арганізацыя БСВВА заўсёды працуе ва ўнісон з агульнарэспубліканскай палітыкай афганскага таварыства.

Гутарыла Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ.