Чарговы поспех выхаванцаў Анатолія Салацінскага

Спорт

3613

3 красавіка ў Лядовым палацы спорту ў Оршы прайшло каманднае першынство вобласці сярод школьнікаў па месцы жыхарства. У фінальнай частцы спаборніцтваў прымала ўдзел рэкордная колькасць каманд — 15.

Гэта невыпадкова, бо шахматы на Віцебшчыне цяпер на ўздыме. А ў бліжэйшым будучым плануецца ўвесці абавязковае выкладанне шахматнай навукі ва ўсіх школах на факультатыўных занятках. Да турніру былі дапушчаны каманды з Віцебска, Полацка, Оршы і Наваполацка, дзе маюцца спартыўныя школы з профільным выкладаннем шахмат, што надало гульням яшчэ большы прэстыж і зрабіла турнір даволі рэйтынгавым. У якасці фаварытаў называлі пералічаныя вышэй каманды. А для нашай, адной з самых маладых, выхад у пяцёрку мацнейшых ужо прыраўноўваўся да трыумфу.

Кандыдат у майстры спорту Рэспублікі Беларусь Анатолій Васільевіч Салацінскі, які выкладае шахматныя азы ў раённым Цэнтры дзяцей і моладзі, у чарговы раз пераконваў у сіле сваіх выхаванцаў, гаварыў, што настройвае іх толькі на перамогу. І яны не падвялі.

Пачатак спаборніцтваў атрымаўся больш чым абнадзейваючым. Пасля двух тураў пастаўчане былі ў ліку лідараў. Але гэта прамежкавы вынік, уся барацьба наперадзе, а з ёй і выпрабаванне моцнымі сапернікамі. У самы пераломны момант ролю лідара ўзяў на сябе капітан каманды — вучань 7 класа СШ №2 М. Іваноў. Матфей згуляў стабільна і рэзультатыўна — набраў 6 ачкоў з 7 магчымых. Усяго на паўачка ад брата адстала другаклас­ніца Ева Іванова (СШ №2), адна з самых юных на тур­ніры. Даволі моцныя сапернікі трапіліся і Андрэю Павінічу (СШ №2). Аднак хлопчык не разгубіўся і паказаў не па гадах сталую гульню. Узнагародай за старанне сталі набраныя ім 5 ачкоў. Парадавала і Аляксандра Крыванос (СШ №5), якая выступіла вышэй за свае магчымасці, прыбавіла ў канцоўках і паклала ў камандную скарбонку 5 ачкоў. Не падвёў і Яўген Літвіновіч (СШ №2), у актыве якога 4 ачкі.

У выніку каманда Пастаўскага раёна набрала 25,5 ачка і сенсацыйна заняла другое месца. Перамогу святкавала дружына з Оршы, якая набрала 29 ачкоў. Трэці вынік у каманды Наваполацка, якая ў барацьбе за прызавое месца апярэдзіла моцныя калектывы з Віцебска, Полацка, Глыбокага і Дуброўна.

Ю. КАТОВІЧ, настаўнік

 Андронаўскай ЯСБШ.