Да былых вязняў прыйдуць валанцёры


Ганаровыя госці: старшыня раённай арганізацыі вязняў Віктар Міхайлавіч Лявонаў,  Галіна Іосіфаўна Аляксеева, Леанарда Юльянаўна Масцяніца і Грыгорый Іванавіч Леснікаў.
Ганаровыя госці: старшыня раённай арганізацыі вязняў Віктар Міхайлавіч Лявонаў, Галіна Іосіфаўна Аляксеева, Леанарда Юльянаўна Масцяніца і Грыгорый Іванавіч Леснікаў.

Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прыступіў да рэалізацыі праекта “Аказанне валанцёрскай дапамогі былым вязням”. Вялікую дапамогу ў яго ажыццяўленні акажуць валанцёры з ліку навучэнцаў школ, каледжа, людзей старэйшага пакалення. Нядаўна для іх прайшла вучоба.

На мерапрыемства былі запрошаны таксама былыя вязні Грыгорый Іванавіч Леснікаў, Леанарда Юльянаўна Масцяніца, Галіна Іосіфаўна Аляксеева і старшыня раённай арганізацыі вязняў Віктар Міхайлавіч Лявонаў, які ўспомніў жудасны час, праведзены за калючым дротам у Нямеччыне, заклікаў цаніць мірнае жыццё ў Беларусі. Увазе прысутных быў прапанаваны відэаролік пра 90-гадовую Фяцінію Іванаўну Філімонаву з Лынтуп, якая падчас Вялікай Айчыннай вайны была вывезена на прымусовыя работы ў Германію.

— Наш праект фінансуецца германскім фондам “Памяць, адказнасць і будучыня” па праграме “Месца сустрэчы: дыялог” пры падтрымцы Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Узаемаразуменне”, — расказвала  дырэктар ТЦСАН, яна ж кіраўнік праекта Д. І. Пякарская. — Ён накіраваны на паляпшэнне жыцця пажылых грамадзян, у прыватнасці былых вязняў. У раёне 978 адзінокіх і 5445 адзінокапражываючых пажылых грамадзян, з іх 92 — былыя вязні, 20 — ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Значная работа па іх рэабілітацыі і аздараўленні вядзецца на базе аддзяленняў цэнтра.  Аднак па розных прычынах не ўсе жадаючыя могуць іх наведваць. Таму валанцёры, выкарыстоўваючы індывідуальны падыход да кожнага асабіста, будуць аказваць ім медыка-сацыяльную дапамогу на даму.

Работа, на першы погляд, нескладаная: зайсці ў госці, заварыць і папіць чаю, пацікавіцца, якая медыцынская дапамога неабходна, якія лякарствы прымае, змераць ціск, тэмпературу, дапамагчы ў прыняцці гігіенічных працэдур, масажорам зрабіць масаж, выканаць працэдуры арома-, магніта-, фіта- і спелеатэрапіі. Калі чалавек пажадае, то валанцёры навядуць парадак у доме, на прысядзібным участку, купяць прадукты харчавання, аплацяць камунальныя і іншыя паслугі. З паслугай “Санаторый на даму” актывісты даедуць да самых аддаленых населеных пунктаў. Такая работа палепшыць самаадчуванне, псіхалагічны стан пажылога чалавека, дапаможа яму пазбавіцца ад пачуцця адзіноты, палепшыць якасць жыцця.

Вучобу праводзіць Т. М. Нікалаева.
Вучобу праводзіць Т. М. Нікалаева.

У праекта два партнёры — Пастаўская цэнтральная раённая бальніца і  раённая арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Іх прадстаўнікі — Т. М. Нікалаева і В. А. Грузд — выступілі з кароткай інфармацыяй пра работу, якую яны праводзяць у рамках праекта. У валанцёрскі рух уключыліся навучэнцы школ, каледжа, аб’­яднання “Вдохновение”. Суправаджаць іх на першым часе будуць сацыяльныя работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якія добра ведаюць сваіх падапечных.

Вучобу для валанцёраў правялі загадчыца аддзялення рэабілітацыі і фізіятэрапіі цэнтральнай раённай бальніцы Таццяна Нікалаева, урач-герыятр ЦРБ Ганна Бурко, медыцынская сястра Пастаўскага аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН Наталля Літвін. Яны расказалі і паказалі, як трэба аказваць першую медыцынскую дапамогу і псіхалагічную падтрымку, карыстацца сучаснымі сродкамі рэабілітацыі.

— Валанцёрства — справа добраахвотная, — гаварыў Ю. М. Кісялёў, які прымаў удзел у вучобе. — Дзякуй за тое, што зга­дзіліся ахвяраваць сабой для іншых. З пажылым чалавекам вельмі важна паразмаўляць, пацікавіцца яго здароўем, справамі. Многія любяць успамінаць мінулае. Таму не скупіцеся на ўвагу, міласэрнасць, дабрыню. Запісвайце расказы ўнікальных людзей, бо яны — жывыя сведкі гісторыі.

— А яшчэ кіруйцеся наступнымі прынцыпамі, — сказала ў заключэнне Д. І. Пякарская. — Ідзіце з адкрытым сэрцам да людзей, дакраніцеся да рукі падапечнага — яму важна адчуваць ваша цяпло; не спяшайцеся развітвацца — у вас часу шмат, у яго — не. Жыццё кароткае: старайцеся рабіць добрыя справы.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.