Для нас спявала Ала Пугачова

Общество

34780

Калі здарылася катастрофа на Чарнобыльскай АЭС, я служыў у чыгуначных войсках. Першымі ў зону ўжо ў маі 1986 года былі накіраваны афіцэры нашага Чырванасцяжнага злучэння маёры Дзмітрый Пекер, Віталій Салагуб, капітан Анатолій Мірохін, якія наладжвалі хімічную службу, тэхнічную разведку, фарміравалі батальён прыпіснога складу. Разам з аператыўнай групай была перадыслацыравана рота 71-га батальёна пад камандаваннем старшага лейтэнанта Аляксандра Голдзіна. Асабовы склад размяшчаўся ў раёне станцыі і выконваў работы як на чацвёртым энергаблоку АЭС, так і на іншых аб’ектах. Аднаўлялі чыгуначныя пуці, будавалі новыя. Выконваючы свой абавязак, мае саслужыўцы штодня ішлі ў зону. Работа была адказнай, тэрміны яе выканання — сціслымі, знаходжанне ў зоне — небяспечным. Але здараліся і хвіліны радасці. Пра адну з незабыўных падзей (а гэта канцэрт папулярнай спявачкі Алы Пугачовай) і хачу ўзгадаць.

У той дзень на плошчы перад Домам культуры шчыльна стаялі машыны: “Чайка” першага сакратара Камуністычнай партыі Украіны Шчарбіцкага, абкамаўскія і райкамаўскія “Волгі”, УАЗы, ЗІЛы і УРАЛы, якія прывезлі на канцэрт ліквідатараў, прадстаўнікоў усіх аператыўных груп войск, тэлебачанне.

На канцэрт мы спазніліся: вырашалі службовыя пытанні ў Стаўцы Міністэрства абароны. Такая была практыка: там належала быць к 20.00 начальніку аператыўнай групы і галоўнаму інжынеру. Каля ўвахода ў гля­дзельную залу нас сустрэў прадстаўнік палітаддзела Віктар Пятроў, папрасіў не шумець і правёў на выдзеленыя для нас месцы. Калі, як мышы, прабіра­ліся на іх, Пугачова спявала: “Я в седьмом ряду…” Мы ажно пераглянуліся: і ў нас сёмы рад…

Людзей было многа. У першых радах — важныя асобы з жонкамі ў святочных уборах, у партэры і на балконе — яблыку не было дзе ўпасці, уздоўж сцен таксама стаялі людзі. Кожны нумар сустракалі бурнымі апладысментамі. Моцны голас даходзіў да счарсцвелых мужчынскіх сэрцаў ліквідатараў. Усе позіркі былі прыкаваны да жанчыны на сцэне з яркай раскошнай прычоскай, у шырокай сукенцы. Яна лёгка рухалася, усё рабіла артыстычна, у тым ліку і свае славутыя выхады ў залу. Мне здаецца, што такіх авацый зала не ведала ні да, ні пасля таго канцэрта. Вярталі­ся з яго пад вельмі моцным уражаннем, і кожны думаў пра сваё. Першым парушыў маўчанне начальнік аператыўнай групы палкоўнік Хрэбет: “Тое, што Ала Пугачова — мужны чалавек, бясспрэчна! Але ж яна — каштоўнасць краіны. Маглі б і паберагчы…”

Л. СЕМЕНАС, участник ликвидации

последствий катастрофы на ЧАЭС в 1986 году,

майор запаса.