Днём і ноччу на баявым дзяжурстве

Правовое поле

IMG_8734

9 красавіка сваё прафесійнае свята адзначаюць ваеннаслужачыя 1-га радыётэхнічнага цэнтра, якія кругласутачна нясуць баявое дзяжурства па ахове Дзяржаўнай граніцы ў паветранай прасторы, вядуць радыёлакацыйную разведку і кантроль за палётамі крылатых машын.

Тэрміновую службу ў 1-м радыётэхнічным цэнтры праходзяць 30 чалавек, 7 з якіх — нашы землякі. У іх ліку і электрык-дызеліст Руслан Кірплюк і старшы аператар радыёлакацыйнай станцыі Раман Мядзведзеў. Абодва — выпускнікі пастаўскай СШ №3.

Руслан Кірплюк.
Руслан Кірплюк.

— Прапаную размясціць фотаздымкі Руслана і Рамана і напісаць пра іх на старонках газеты, — пачула ад намесніка начальніка цэнтра па ідэалагічнай рабоце маёра Дзмітрыя Дзевятоўскага. — Па-першае, хлопцы добра зарэкамендавалі сябе — дысцыплінаваныя, адказныя, ініцыятыўныя. Па-другое, убачыць у раёнцы сваіх сыноў будзе прыемна і бацькам.

Чаму б і не? І вось я размаўляю з названымі салдатамі. Абодва прыемна ўразілі адкрытасцю, дасціпнасцю і разважлівасцю. Руслану Кірплюку засталося служыць крыху больш за месяц. Да прызыву на воінскую службу ён скончыў індустрыяльна-педагагічны каледж у Мінску па спецыяльнасці “Прамысловае і грама­дзянскае будаўніцтва”, затым паўтара года адпрацаваў па размеркаванні майстрам участка ў адным са сталічных ЖЭСаў. У абавязкі Руслана ўваходзіла прымаць заяўкі ад жыльцоў дамоў, размяркоў­ваць работу паміж падначаленымі. Пасада адказная. Тым не менш прызнаецца, што за час службы стаў больш сур’ёзным і дысцыплінаваным. А таксама атрымаў дзве ваенныя спецыяльнасці і навучыўся цаніць дробязі, з якіх і складаецца жыццё. Яму асабліва падабаецца насычаны распарадак дня, дзякуючы чаму салдаты заўсёды занятыя, а калі гэта так, то здаецца, што і час бяжыць хутчэй.

Раман Мядзведзеў.
Раман Мядзведзеў.

Раман Мядзведзеў служыць у падраздзяленні ўсяго тры месяцы. Марыў стаць кадравым ваенным, але спроба паступіць пасля заканчэння школы ў Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь была няўдалай — ад запаветных курсанцкіх пагонаў аддзяліў усяго адзін бал. Змяніць цывільную вопратку на ваенную форму ўдалося толькі летась. Да гэтага скончыў другую ступень навучання ў Пастаўскім дзяржаўным каледжы, дзе атрымаў спецыяльнасць “Тэхнік-механік”. Першым рабочым месцам Руслана стаў ільнозавод, але праз тры з паловай месяцы атрымаў павестку з ваенкамата. Пытаюся: “Можа, пасля дэмабілізацыі даўняе жаданне служыць Айчыне возьме верх?”

— Забягаць наперад не хачу, але такой магчымасці не выключаю, — адказаў Раман. — Што гэта будзе: служба па кантракце альбо новая спроба паступіць у ваенную ВНУ, — яшчэ не вызначыўся.

Ваеннаслужачыя цэнтра з вучнямі падшэфнай СШ №3 падчас пасадкі дрэў у рамках акцыі «Тыдзень лесу».
Ваеннаслужачыя цэнтра з вучнямі падшэфнай СШ №3 падчас пасадкі дрэў у рамках акцыі «Тыдзень лесу».

Пакуль жа ў кола абавязкаў Р. Мядз­ведзева ўваходзяць вядзенне ра­дыёлакацыйнага кантролю за паветранымі суднамі, своечасовае выяўленне самалётаў — парушальнікаў Дзяржаўнай граніцы, паведамленне аператыўнаму дзяжурнаму пра ўсе нетыповыя сітуацыі.

 Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

Фота Сяргея ВШЫЎКАВА.