Электронны пашпарт для буронкі


3

У рэдакцыю патэлефанавала жыхарка Лынтуп і расказала, што прадстаўнікі сельскага Савета рэкамендавалі напісаць заяву на набыццё чыпа для каровы. Жанчына цікавілася, навошта “маркіраваць” жывёліну, якую яна трымае на сваім падворку. Тлумачэнне дае ветурач раённай ветэрынарнай станцыі Т. Ф. ПРЭТКЕЛЬ.

— Пачну з таго, што Закон № 287-3 “Аб ідэнтыфікацыі, рэгістрацыі, адсочванні сельскагаспадарчых жывёлін (статкаў), індэнтыфікацыі і адсочванні прадуктаў жывёльнага паходжання” ў Беларусі быў прыняты 15 ліпеня 2015 года, — гаварыла Тэрэза Францаўна. —  23 студзеня мінулага года дакумент уступіў у сілу. Ён датычыць як сельгасарганізацый, так і фермерскіх гаспадарак, прыватных асоб, а таксама перапрацоўшчыкаў прадуктаў жывёльнага паходжання.

—   З якой мэтай прыняты закон?

— Для забеспячэння здароўя спажыўцоў, ветэрынарнага і санітарнага кантролю за жывёлай, яе хваробамі, лячэннем. Прыняцце закону прадыктавана часам. У Еўропе, у тым ліку ў Латвіі, Літве, ідэнтыфікацыя жывёлы ўведзена даўно. Пасля стварэння сістэмы будзе дакладна вядома, дзе знаходзіцца тая ці іншая жывёліна, у выпадку ўспышкі інфекцыйнага захворвання, небяспечнага для чалавека, з’явіцца магчымасць дастаткова хутка лакалізаваць і нейтралізаваць месца заражэння. Вядома, што цяпер многія групы тавараў адсочваюцца па штрыхкодах. Па іх можна даведацца пра вытворцу і месца вытворчасці, меркаваць, наколькі прадукт якасны. Стварэнне адзінай сістэмы ідэнтыфікацыі і рэгістрацыі дапаможа па аналагічным кодзе, які будзе наносіцца на пакет малака, пачак масла і іншае, высветліць, дзе і з якой сыравіны яны выраблены.

— Растлумачце, калі ласка, чытачам, што такое ідэнтыфікацыя і якой жывёлы яна датычыць.

— Гэта прысваенне ідэнтыфікацыйнага нумара (індывідуальнай біркі) з 14-значным кодам. Ён унікальны і не можа паўтарацца. Акрамя лічбавага кода, прысвойваецца і штрыхавы. Каровам, авечкам, козам будуць ставіцца або дзве дубліруючыя біркі, або адна бірка і мікрачып на вуха, каню мікрачып прымацоўваецца на шыі пад грывай. Племянным свінням — бірка і бірка з мікрачыпам, астатнім — бірка ці татуіроўка. На пазначаную жывёліну заводзіцца электронны пашпарт, у які заносіцца ўся інфармацыя пра яе: дата нараджэння, правядзенне прышчэпак, асемяненне, з’яўленне патомства, перамяшчэнне па фермах, перанесеныя захворванні, прафілактычныя і дыягнастычныя ветэрынарныя мерапрыемствы. Пасля забою або падзяжу жывёліны бірку знішчаюць.

— У раёне ідэнтыфікацыя пачалася?

— Чыпы і біркі ўжо закуплены для жывёлы, якая ўтрымліваецца на фермах  ААТ “Хацілы-агра”, “Сцяг Перамогі-агра”, “Камайскі-агра”, СП “Дунілавічы-агра”, райаграсэрвісу. У бліжэйшы час прыступім да чыпавання. Ад гаспадароў прыватнага сектара найбольш заявак паступіла з Варапаеўскага сельсавета. Астатнія пакуль пасіўнічаюць.

— Тэрэза Францаўна, значыць, гаспадарам уласнай жывёлы трэба купляць чыпы?

— Да 23 студзеня 2018 года ўсе паслугі, звязаныя з ідэнтыфікацыяй жывёлы, для фізічных асоб бясплатныя. Прадстаўнікі сельскіх Саветаў цяпер праводзяць апытанне сярод гаспадароў і прапануюць ім напісаць заяву адпаведнага ўзору на набыццё бірак за дзяржаўны кошт. З 24 сту­дзеня 2018 года мікрачыпы і біркі прыйдзецца купляць за ўласныя сродкі.

Ставіць чып карове або не, гаспадары вырашаюць самі. Калі малако, мяса выкарыстоўваецца толькі для ўласнага спажывання, то чыпы не патрэбны. У выпадку продажу лішкаў дзяржаве карова павінна мець ідэнтыфікацыйны нумар. Згодна з законам, малаказаводы і мясакамбінаты змогуць прымаць сыравіну толькі ад зарэгістраванай жывёлы. Або калі з ёй здарыцца няшчасны выпадак і гаспадар захоча здаць на мясакамбінат, без індывідуальнага нумара зрабіць гэта будзе немагчыма.

— Які парадак ідэнтыфікацыі?

— Зарэгістраваць жывёлу можна будзе ў мяне як прадстаўніка Цэнтра інфармацыйных сістэм у жывёлагадоўлі. Бірку з нумарам установіць вет­урач. Даныя будуць захоўвацца ў камп’­ютары. Гаспадары, якія ўмеюць карыстацца інтэрнэтам, змогуць уносіць даныя пра сваіх гадаванцаў самастойна на сайце цэнтра. Іншым дапамогуць спецыялісты. Калі, напрыклад, купілі неідэнтыфікаваную жывёлу, зарэгіструйце яе на працягу сямі дзён, а калі чып прымацаваны — зарэгіструйцеся ў рэестры як новы ўладальнік.

Дзякуючы ідэнтыфікацыі жывёліну немагчыма падмяніць, пераблытаць. Такая форма ўліку ажыццяўляецца з дапамогай спецыяльнага сканіруючага прыбора. Дастаткова яго паднесці да мікрачыпа, як з’явіцца сігнал, а код чыпа высвеціцца на экране. Асабліва гэта актуальна пры страхаванні, лячэнні скаціны. Спрашчаецца пошук у выпадку яе крадзяжу.

Гутарыла Анна АНІШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.