І перанялі вопыт у калег


_MG_4814

У аддзеле ЗАГС раённага выканаўчага камітэта адбыўся семінар для кіраўнікоў спраў сельвыканкамаў Пастаўшчыны. Падчас яго былі падведзены вынікі работы за мінулы год, пастаўлены задачы на бягучы, а таксама прадстаўлена ўрачыстая цырымонія рэгістрацыі юбілейнага шлюбу.

Работнікі Валкоўскага сельвыканкама з дапамогай калег паказалі, якую яны ладзяць урачыстасць з нагоды сярэбранага вяселля. Забягаючы наперад, скажу, што, хоць удзел у дзеі прынялі ўмоўныя юбіляры (такімі ж былі дзеці, госці і бацькі), яна ўсё адно атрымалася хвалюючай і запамінальнай.

…У залу ўрачыстых абрадаў ад­дзела ЗАГС муж і жонка ўвайшлі, як і 25 гадоў таму, пад марш Мендэльсона. Суправаджалі юбіляраў сын, дачка, сведкі і госці.  Тут іх ужо чакалі старшыня Валкоўскага сельскага Савета Таіса Браніславаўна Баторы і кіраўнік спраў Алена Іванаўна Мянчынская. Апошняя нагадала гісторыю кахання юбіляраў, дзе і калі быў зарэгістраваны іх шлюб.

Па традыцыі сваёй мясцовасці, сведка паднесла сямейнай пары сярэбраны збан, напоўнены вадой з асвечанай крыніцы Грамякі, якая знаходзіцца на тэрыторыі сельсавета. Гэтай вадой жонка тройчы абмыла рукі мужу. Па старажытным звычаі, пасля такога абраду з сям’і, як вада, павінны сцячы ўсе нягоды і хваробы, заззяць чысцінёй і свежасцю пачуцці.

Перш чым зарэгістраваць сярэбраны шлюб, Алена Іванаўна спытала ў сямейнай пары, ці з’яўляецца іх жаданне быць і ў далейшым мужам і жонкай дабравольным, узаемным і шчырым, ці гатовыя яны і надалей любіць і падтрымліваць адно аднаго ў горы і радасці. І толькі пасля ўзаемнай згоды падоўжыць сямейны саюз пару запрасілі засведчыць сваё жаданне подпісамі. Тое самае зрабілі сведкі і дзеці юбіляраў. З памятнай падзеяй у жыцці “маладажонаў” павіншавала Т. Б. Баторы і ўручыла ім юбілейнае пасведчанне аб заключэнні шлюбу. 

І вось наступіў самы хвалюючы момант — абмен сярэбранымі заручальнымі пярсцёнкамі, пасля чаго муж і жонка пад гучнае “горка!” па­віншавалі адно аднаго пацалункам і закружылі ў вясельным танцы. Затым віншавальную эстафету перанялі старэйшына вёскі Валкі Вера Іосіфаўна Парневіч, родныя і сябры. Яны не скупілі­ся на шчырыя словы і шчодрыя падарункі, у ліку апошніх былі нават сертыфікаты на кватэру і машыну…

Прапанаваная цырымонія рэгістрацыі юбілейнага шлюбу ўсім спадабалася. Больш за тое, кіраўнікі спраў сельвыканкамаў вырашылі часцей ладзіць такія мерапрыемствы, каб падзяліцца сваімі напрацоўкамі і ідэямі з калегамі. Наступнымі сваю рэгістрацыю шлюбу на беларускай мове пакажуць работнікі Ярэўскага сельвыканкама.

Затым начальнік аддзела ЗАГС Ірына Анатольеўна Рагіня азнаёміла калег з вынікамі работы за мінулы год, рашэннем калегіі галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага абл­выканкама, новымі тарыфамі на паслугі, зменамі, якія ўнесены ў рэгламент узаемадзеяння з рэгістрам насельніцтва. Таксама былі абмеркаваны нюансы рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану з удзелам замежных грамадзян і ўстанаўленнем бацькоўства, іншыя пытанні.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

Фота Сяргея ВШЫЎКАВА.