Інтрыгі не здарылася

Спорт

Каманда-пераможца з Дунілавіцкай ЯССШ.
Каманда-пераможца з Дунілавіцкай ЯССШ.

14 красавіка на Пастаўскім ФАКу прайшлі штогадовыя раённыя спаборніцтвы юных інспектараў дарожнага руху. Удзел у іх прынялі 12 каманд з усіх гарадскіх школ, гімназіі, Лынтупскай, Камайскай, Навасёлкаўскай, Варапаеўскай, Гуцкай СШ і Дунілавіцкай яслі-сад—сярэдняй школы.

Спаборніцтвы па традыцыі пачаліся з пастраення каманд, у склад якіх увайшлі па восем навучэнцаў ва ўзросце ад 10 да 15 гадоў (чатыры хлопчыкі і чатыры дзяўчынкі). Іх вітаў начальнік аддзялення ДАІ РАУС А. В. Арэхаў. Аляксандр Віктаравіч расказаў пра конкурсныя этапы, якія чакаюць школьнікаў, парадак іх правядзення, прадставіў суддзяў і пажадаў усім удзельні­кам удачы і перамогі. Затым круг па стадыёне на карце, падораным РАУС раённаму аддзелу адукацыі, спорту і турызму, зрабіў прадстаўнік гарадскога картынг-клуба “Автомир”. Мэтай было прадэманстраваць новую машыну, зацікавіць падлеткаў гэтым відам спорту і заахвоціць іх уступіць у клуб.

Адзін з элементаў фігурнага ва¬джэння веласіпеда.
Адзін з элементаў фігурнага ва¬джэння веласіпеда.

Ну, а далей у адпаведнасці з выцягнутымі падчас жараб’ёўкі парадкавымі нумарамі каманды адправіліся на конкурсныя этапы. Пакуль адны на спецыяльна абсталяванай пляцоўцы дэманстравалі дзяржаўтаінспектарам А. М. Залатускаму і В. А. Гутару сваё майстэрства фігурнага ваджэння веласіпеда, праязджаючы праз імправізаваныя вароты, “кракадзіла”, “жолаб”, “арэлі”, “кеглі” і “паралелі”, пераносілі “кубак з вадой” з адной тумбы на другую і выконвалі іншыя элементы (усяго іх было 9), сапернікі здавалі тэарэтычныя экзамены на веданне правілаў дарожнага руху і па аказанні першай даўрачэбнай дапамогі пацярпеламу. Гэтыя іспыты праводзілі выкладчык раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ А. Л. Чараваценка і фельчар ЦРБ Ж. А. Дунец. Кожны школьнік павінен быў адказаць на 10 пытанняў у білеце, выбраўшы з прапанаваных варыянтаў адказаў правільныя, прычым зрабіць гэта як мага хутчэй. Яшчэ адзін конкурсны этап быў творчым. З сабой каманды прывезлі тэматычныя насценныя газеты і сцэнарыі выступлення агітбрыгад, якія адлюстроўваюць дзейнасць атрадаў. Іх ацэньвалі педагогі раённага Цэнтра дзяцей і моладзі Т. І. Шумуліанене і К. А. Рубель.

Падчас здачы экзамену па правілах дарожнага руху.
Падчас здачы экзамену па правілах дарожнага руху.

Вынікі кожнага віду спаборніцтваў падводзіліся як у камандным, так і ў інды­відуальным заліку. Так, у фігурным ваджэнні веласіпеда першае месца занялі навасёлкаўскія школьнікі, другое — каманда Дунілавіцкай ЯССШ, трэцяе — Гуцкай СШ. Найлепшым кіроўцам двухколавага транспартнага сродку сярод хлопчыкаў прызнаны навучэнец Лынтупскай СШ Аляксандр Тамілін. Сярод дзяўчынак пальму першынства раздзялілі Вераніка Букачова з Камайскай школы і Яна Татарчук з Дунілавіцкай.

Найлепшае веданне правілаў дарожнага руху прадэманстравала каманда Гуцкай СШ. Навучэнец гэтай школы Пётр Касарэўскі перамог і ў індывідуальным заліку сярод хлопчыкаў. Другое каманднае месца ў Варапаеўскай школы, прадстаўніца якой Рэната Казлова стала пераможцай сярод дзяўчынак, і ў Дунілавіцкай ЯССШ, трэцяе — у гімназіі. У білетах па аказанні першай медыцынскай дапамогі пацярпеламу менш за іншых памылак дапусцілі навучэнцы СШ №4. Следам за імі ў выніковай табліцы размясціліся прадстаўнікі гімназіі, далей — СШ №3 і Дунілавіцкай ЯССШ. Сярод хлопчыкаў перамогу святкаваў навучэнец Навасёлкаўскай СШ Максім Касцюк, сярод дзяўчынак не было роўных Дар’і Банькоўскай з чацвёртай гарадской школы. Прызавыя месцы ў конкурсе насценгазет дасталіся наступным камандам: першае — Камайскай СШ, другое — СШ №3 і №4, трэцяе — гімназіі і Дунілавіцкай яслі-сад—сярэдняй школе. 

А. В. Арэхаў уручае грамату і падарунак Вераніцы Букачовай.
А. В. Арэхаў уручае грамату і падарунак Вераніцы Букачовай.

У агульным заліку па выніках усіх конкурсаў трэцяе месца заваявалі гуцкія школьнікі, другое — навасёлкаўская дружына. Ну, а перамаглі ў каторы раз юныя інспектары дарожнага руху з Дунілавіч, якія будуць прадстаўляць наш раён на рэгіянальных спаборніцтвах у Браславе. Пераможца і прызёры атрымалі ў падарунак валейбольную сетку, турыстычную палатку і футбольны мяч. Не засталіся без падарункаў і прызёры ў індывідуальным заліку ў асобных відах спаборніцтваў. Акрамя дыпломаў, іх узнагародзілі сертыфікатамі на наведванне спартыўна-турыстычнага комплексу “Азёркі” ад ад­дзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, валейбольнымі мячамі, якія прадаставіла раённая арганізацыйная структура ДТСААФ, веласіпеднай бутэлькай, футбольным мячом і ліхтаром на веласіпед ад аддзялення ДАІ РАУС. Таксама кожная каманда-ўдзельніца атрымала торт і ліманад.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.