Калі работа ў надзейных руках

Личности

IMG_1707

У апошні час сыр люблю купляць толькі наразны. Прадукт цаню як за яго смакавыя якасці, так і за тое, як ён упакаваны. Надарылася магчымасць, і я гутару з чалавекам, які на прадпрыемстве займаецца менавіта гэтым працэсам. Мая суразмоўца — майстар-сырароб Пастаўскага малаказавода Ніна Сцяпанаўна Барсук.

— Ніна Сцяпанаўна, размову хацелася б пачаць з таго, што па выніках работы за папярэдні год вам было прысвоена ганаровае званне “Чалавек года Пастаўшчыны”. Як успрынялі такую вестку?

— Яна стала нечаканай і ў той жа час прыемнай. Нечаканай таму, што на прадпрыемстве многа працавітых людзей. Увогуле я сказала б так: у нас усе старанныя. Па сённяшні дзень не веру, што гэта адбылося са мною і што менавіта мяне ўшаноўвалі. Па ўзнагароды раней на сцэну падымалася неаднойчы, напрыклад, падчас прафесійнага свята. Але ў той дзень ішла са сходу шчаслівая, як ніколі — з букетам і дыпломам, ён цяпер на самым бачным месцы ў кватэры.

Прыемнай стала навіна для родных — мужа, дачкі і яе сям’і. Унучка, убачыўшы мой фотаздымак у раённай газеце, вельмі абрадавалася. Маргарытка ходзіць у другі клас СШ №4. І так супала, што мы з ёй сталі пераможцамі адначасова: я атрымала ганаровае званне, а яна заняла першае месца на ­алімпіядзе па прадмеце “Чалавек і свет”.

Віншавалі і на заводзе. Усім падзякавала, бо гэта перамога ўсяго калектыву.

— А цяпер, калі ласка, раскажыце пра работу на вытворчасці.

— Працую майстрам у цэху, дзе наразаем сыр. Рабіць гэта якасна дазваляе імпартнае абсталяванне. Прадукт наразаецца па зададзенай праграме. Скрылёчкі атрымліваюцца тоненькія, акуратныя. Блок разразаецца на брускі, якія падаюцца ў слайсерную нарэзку і па канвееры — далей, дзе  ўпакоўваюцца. Скрынкі з такім сырам адпраўляюцца спажыўцам — у Расію, гандлёвыя сеткі Беларусі. Расіяне, між іншым, цэняць сыр менавіта ў такім выглядзе. Часта чуем станоўчыя водгукі, у тым ліку і ад сваякоў нашых работнікаў, якія жывуць у Ра­сійскай Федэрацыі. Пастаўскую прадукцыю яны хваляць за тое, што яна “жывая”, без хіміі.

— Разумею, што нявопытнага работніка не назначаць майстрам. Ды і ваш непасрэдны начальнік дае вам такую характарыстыку: “Добра ведае вытворчасць, яе не трэба кантраляваць, правяраць — работа ў надзейных руках”.

— Стараюся. Працуем па два дні праз два ў зменах з 8.00 да 20.00. Але пры вялікай адгрузцы можам затрымацца яшчэ на некалькі гадзін. Пытанняў узнікае шмат, і мне трэба быць гатовай адказаць на ўсе. Ёсць сумненні — звяртаюся да загадчыка вытворчасці Таццяны Пятроўны Цітовай, спецыялістаў.

Работа падабаецца. Люблю людзей, і праца мне ў радасць. Выдзяляць каго-небудзь з шасці чалавек (і ў другой змене столькі ж) не буду, усе заслугоўваюць пахвалы. Гэта Валянцін Дубовік, Людміла Крываклякіна, Марына Сердэга, Валерый Пякарскі, Ганна Шлапко, Рэгі­на Дзеравягіна. З’яўляюся майстрам і ў маслацэху. У маёй змене там працуюць Наталля Пяткевіч і Марына Пылінская, на маслароба вучыцца Мікалай Сварцэвіч. І ў адным, і ў другім цэхах усе як на падбор — запраграмаваныя адказна выконваць даручаную работу. А без гэтага нельга. Мы ўсе адно ад аднаго залежым. Такога не можа быць, каб хто з работнікаў адлучаўся па сваіх справах. А калі непрадбачанае ўсё ж здараецца, сама станаўлюся і працую.

— Ніна Сцяпанаўна, прыгадайце, як аказаліся на малочным заводзе.

— Можна сказаць, выпадкова. Нарадзілася ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці. Закончыла Іль­янскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Выйшла замуж, і пераехалі ў Паставы. Дзевяць гадоў адпрацавала на “Беліце”. Потым звольнілася і паехала з мужам, які пасля расфарміравання дывізіі адправіўся служыць у Расію. Вярнуліся ў 1999 годзе. Тады і прыйшла на малочны завод.

— І ўсё было новым і незнаёмым?

— Так, і ўсяму я вучылася на рабочым месцы. Вельмі абавязана Міхаілу Зарэцкаму, які стаў для мяне сапраўдным настаўнікам. Добры, сціплы чалавек. На жаль, яго ўжо няма сярод нас. Удзячна Таццяне Пятроўне Цітовай. Гэта яна пра сябе павінна расказваць у інтэрв’ю, яе трэба было ўшаноўваць, яна вартая звання і ўзнагарод. Для мяне Таццяна Пятроўна — сэрца завода.

Пачынала ў цэху паў­цвёрдых сыроў, потым працавала ў тварожным. Адкрылася нарэзка — перайшла туды. Даверылі пасаду майстра. Напачатку пабойвалася, што не атрымаецца, але дарэмна так думала. Тут, як гаворыцца, усё сышлося: падтрымка кі­раўніцтва і старанне падначаленых.

— Чым займаецеся ў вольны час?

— З мужам любім хадзіць у лес збіраць грыбы і ягады. Я ініцыятар паездак па гістарычных мясцінах, і мы сям’ёй пабывалі ў Мірскім і Лідскім замках, на гэта лета ў планах — Нясвіжскі. Раней шмат чытала, цяпер менш, бо падводзіць зрок. Затое застаюся спартыўным чалавекам. Мой прынцып — ні дня без зарадкі. А 15 дзён у месяц абавязкова прысвячаю басейну. Улетку ­ездзім на возера.

— А што цэніце ў жыцці?

— Вернасць, сумленнасць, адданасць. Зрэшты, само жыццё і ёсць найвялікшая каштоўнасць.

Гутарыла Галіна ПІШЧ.

Фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.