“Калі ёсць на зямлі рай, то гэта — дача”


186040

Пачатак красавіка сёлета расшчодрыўся на небывалае цяпло — у асобныя дні слупок тэрмометра падымаўся да адзнакі 15-18 градусаў, што на 4 градусы вышэй за сярэднюю кліматычную норму. І гараджане паспяшаліся на дачы — адкрываць сезон. А некаторыя, як высветлілася падчас гэтага апытання, не пераставалі жыць дачнымі клопатамі і зімой. Ну, а ў вяскоўцаў яны не перапыняюцца ніколі.

Аліцыя Трафімовіч, пенсіянерка (г. Паставы):

— Жыву ў гарадской кватэры, але самая любімая мясціна — дача ў Ліпніках, на якой праводжу ўвесь цёплы перыяд года.

Дачны сезон адкрыла яшчэ ў пачатку лютага, калі пасеяла ў парніку радыску. Яна ўжо ўзышла і пусцілася ў рост. А 28 лютага таксама ў парніку пасадзіла бульбу ранняспелага гатунку “янка”. Да гэтага на лоджыі прарасціла клубні ў апілках, перамяшаных з попелам. К канцу красавіка будзе свая свежая бульбачка. Лоджыю другі месяц трымаю адчыненай, каб у яе паступала з пакоя цяпло (у кватэры вельмі горача). Уся яна ў паліцах, застаўленых скрынкамі з расадай.

Штогод атрымліваю багаты ўраджай агародніны. Ёсць на дачы шмат гатункаў вінаграду, яблыні, грушы, ужо ўвесь у завушніцах вялізны куст ляшчыны (значыць, уродзіць фундук).

Захапляюся кветкамі. Якіх толькі ні насадзіла, а ўсё выпісваю новыя. Жартую: калі на зямлі ёсць рай, то гэта — дача. Але ў гэтым раі трэба так шмат працаваць.

Сяргей Дзіковіч, будаўнік (г. Паставы):

— Кажаце, пачынаецца дачны сезон? А ён для мяне і не перапыняўся з мінулагодняй вясны, калі пачалі абжываць вясковы домік. Купілі з жонкай яго ў Дашках (Юнькаўскі сельсавет — аўт.), і вельмі рады гэтаму — адкрылася такая прастора для прыкладання рук. Захацелася ўсё перарабіць па-свойму, добраўпарадкаваць. Купляем будаўнічыя матэрыялы, мяняем планіроўку, робім рамонт. Я нават печку сам склаў, асвоіўшы інтэрнэт-урокі. А ў ёй зрабіў пліту — таксама патрэбная ў гаспадарцы рэч. Ведаеце, як прыемна, што з першага разу ўсё атрымалася — добрая цяга, печка трымае цяпло.

Мінулай восенню сабралі свой першы дашкаўскі ўра­джай. На славу выраслі бульба, морква, агуркі, памідоры, фасоля і іншая агародніна. Зямлю ўскопвалі лапатамі, збіралі талаку. А зараз апрабуем мотаблок, які купілі зімой. Установім і парнік з полікарбанату.

Работы непачаты край, але гэта так захапляе! А самае галоўнае, што ў Дашках і мясцовыя жыхары, і дачнікі — цудоўныя людзі. Побач з імі хочацца жыць прыгожа.

Аляксандр Бервячонак, пенсіянер (в. Прусы Казлоўшчынскага сельсавета):

— Абышоў поле, на якім восенню пасеяў жыта і пша­ніцу, і пацешыўся — з зімоўкі выйшлі ў добрым стане. З цяплом азіміна пусцілася ў рост. Так што спадзяюся на добры ўраджай. Трымаем карову, свіней, курэй, і корму ім трэба нямала.

Кожны год садзім памногу бульбы. Летась урадзіла так, што засыпалі катухі аж пад столь. Будзем старацца і сёлета. Насенне добрае, гною хапае. Для апрацоўкі зямлі маем трактарок. Толькі б хапіла сваіх сіл, бо гады немаладыя. Але здавацца не збіраюся.

У парніку ўжо ўзышлі радыска і салата. У гэтым цалкам заслуга жонкі і дачкі. А колькі расады яны насеялі! Заставілі ўсе падаконнікі. Кожную вясну высаджваюць і шмат кветак.

Фаіна Антановіч, індывідуальны прадпрымальнік (г. Паставы):

— Праца на зямлі — мая стыхія. Іншы раз настолькі стамлюся на рынку, што здаецца, ужо няма ніякіх сіл. Але крыху адпачну, выйду ў парнік або на кветнік — і нібыта другое дыханне адкрываецца. Так радасна бачыць, як ажывае зямля, як з маленькіх зярнятак прабіваюцца расткі, а потым мацнеюць, набіраюцца сіл і ўрэшце ўпрыгожваюцца цветам, даюць плады.

Ужо вялікая расада перцаў і памідораў, і хочацца як найхутчэй высадзіць іх у парнік. Разагнацца мне ёсць дзе. Акрамя агарода ля дома, маю яшчэ і дачу ў Дуках. Уласнай садавіны і агародніны хапае ўсім. Ствараем запасы і на зіму, робім шмат нарыхтовак.

Ну, а як уявіць свой дом або дачу без кветак? Канечне, яны патрабуюць не меншага догляду, чым агародніна. Але ж якое хараство з ранняй вясны да позняй восені!

Распытвала Фаіна КАСАТКІНА.