Кахання першага святло


1165_170

Пасля заканчэння васьмі класаў многія аднакласнікі паступілі ў тэхнікум або пайшлі працаваць, таму да пачатку новага навучальнага года два паралельныя восьмыя аб’ядналі ў адзін дзявяты. З’явіліся ў ім і новыя вучні.  Сярод іх — Ніна. Сеня адразу звярнуў увагу на яе, але з самага пачатку не здружыліся. Ён сябраваў са сваімі ранейшымі адна­класніцамі, на яе звярталі ўвагу іншыя хлопцы. Ся­дзелі за рознымі партамі і ўсё часцей сустракаліся позіркамі. Вясной жа ўсё змянілася — яны сталі шмат часу праводзіць разам.

Пасля выпускнога Сеня паступіў у ваеннае вучылішча, а Ніна — у фінансава-эканамічны тэхнікум у Мінску. У той перыяд актыўна перапісваліся, яна прыязджала да яго, ён — у чарговыя водпускі. Сеня паспяхова здаў дзяржаўныя экзамены, атрымаў дыплом і пагоны лейтэнанта. Службу пачынаў у авіяцыйным гарнізоне ў адным з паўднёвых гарадоў нашай рэспублікі. У адным палку з ім была сімпатычная служачая Савецкай Арміі. Зарадзіліся пачуцці, і ён прапанаваў ёй сваю руку і сэрца. Неўзабаве згулялі вяселле. Маладыя праз некаторы час атрымалі жыллё. Нарадзіліся дзеці.

Але жонка Сені трагічна загінула. Застаўся ён з двума сынамі. А неяк у водпуску сустрэўся з Нінай. Потым яна прыязджала да яго ў гарнізон. Сеню ўдалося перавесціся на службу ў наш горад. Гадаваць дзетак яму дапамагалі бацькі.

Як аказалася, промні першага кахання не згаслі, і Сеня з Нінай, у якой таксама было двое дзяцей, стварылі сям’ю. У ёй усе дзеці любімыя незалежна ад таго, чые яны. Ён звольніўся з арміі ў званні капітана ў сувязі з аптымізацыяй. Яна — банкаўскі работнік. Жывуць дружна, душа ў душу. Дзеці выраслі.

У пазамінулым годзе ў Сені і Ніны адбылася радасная падзея: нарадзілася першая ўнучка. Жыццё працягваецца.

Леанід СЕМЯНАС,

 няштатны карэспандэнт.