Казкі майго дзяцінства


bespalov_4

Скарб каваля

Малады каваль пабудаваў за вёскай сваю кузню, дзе і працаваў кожны дзень. А працаваць даводзілася шмат, таму што ў сям’і былі пажылая маці ды малодшы брат-падлетак. Заробкаў жа хапала толькі на тое, каб заплаціць за куток, дзе яны туліліся, ды за арэнду зямлі, на якой стаяла кузня, а трохі заставалася на харчаванне. Кожны вечар юнак думаў, як перамагчы беднасць. Аднойчы прысніўся яму сон, што сваё шчасце і скарб знойдзе на мосце праз ручай, які працякаў недалёка ад кузні. Ранкам пайшоў каваль на мосцік і прастаяў там амаль паўдня, аж пакуль не сустрэў салдата, які вяртаўся з гасударавай службы.

— Чаго ты  тут стаіш? — спытаў салдат.

— Я бачыў сон, што знайду скарб.

— Э-э! Не ўсім снам трэба верыць. А я прысніў, што ў адной кузні, дзе працуе малады каваль, скарб схаваны пад кавадлам.

Пайшлі яны да кузні, а там натоўп стаіць. Адзін гаспадар прыехаў на вазку, каб перацягнуць шыны на абадах ды падкаваць каня, другі — адрамантаваць плуг і барану, яшчэ адзін прывёз акаваць дзверы ад свірна, а мажная кабета прынесла секачы, сярпы, нажніцы і нажы, каб навастрыць іх…

— Вось тваё шчасце, — кажа салдат. — Яно ў тым, што ты вельмі патрэбны людзям. Ты ж з вялікім скарбам! Вось, напрыклад, твае вочы. Што хочаш атрымаць толькі за адно?

— Што ты, свае вочы я не аддам ні за якія грошы!

— А ці хочаш атрымаць многа золата за рукі?

— Не, свае рукі не аддам і за золата!

— Вось цяпер сам бачыш, які ты багаты. І павер мне, старому салдату, што самы большы скарб у чалавека — сіла, здароўе і свая галава. А ў цябе ўсё гэта ёсць.

Вандроўнік-аптыміст

Ішоў вандроўнік ад вёскі да вёскі. Неяк у прыдарожным пыле знайшоў падкову. Паклаў знаходку ў сваю торбачку і пайшоў далей. Так здарылася, што яго шлях пралягаў каля кузні. Павітаўся ён з кавалём і кажа:

— Знайшоў я падкову, і гэта мяне радуе, бо засталося знайсці яшчэ тры падковы і… каня.

— О, дык табе нямнога ўжо і засталося.

Л. СЕМЯНАС, няштатны карэспандэнт.