Красавіцкі зазімак

Местная власть

781A3567 min

Якія толькі сюрпрызы ні падкідвае надвор’е. Але кааб такі! Ды яшчэ на Вялікдзень… У суботу вечарам мы любаваліся першымі вясновымі кветкамі, а ў нядзелю прачну­ліся… у зіме — усё наваколле патанала ў бухматым снезе, схаваліся пад ім кветкі, згіналіся галінкі дрэў.

— За ноч з 15 на 16 красавіка снежнае покрыва склала 11 сантыметраў, — расказвала тэхнік-метэ­аролаг Лынтупскай метэастанцыі Аксана Зубанава. — Слупок тэрмометра паказваў мінус адзін градус, а ў наступную ноч апусціўся да мінус шасці. За  апошнія 16 гадоў пасля аднаўлення вегетацыі  раслін выпадкаў пахаладання і выпадзення снегу не назіралася.

І як такое ўспрымаць, калі сакавік вельмі пацешыў цяплом? Сярэднясутачная тэмпература адпавядала красавіцкім нормам, а ў асобныя дні дасягала 11 градусаў цяпла. Не іначай, як месяцы памяняліся месцамі.

Ну, а калі сур’ёзна, то такі капрыз надвор’я не толькі людзям псуе настрой, але і вельмі неспрыяльна ўздзейнічае на раслінны свет. Прыпынілася і сяўба яравых.

Прагноз метэаролагаў на бягучы тыдзень цяпла не абяцае — тэмпература паветра чакаецца ад мінус 4 да мінус 10 градусаў. Зрэшты, як паведамілі лынтупскія метэаролагі, за апошнія 45 гадоў самы халодны красавіцкі дзень выдаўся ў 2013-ым — мінус 13 градусаў, а самы цёплы — у 2012-ым — плюс 28. Найбольш ападкаў выпала ў красавіку 1977-га — 112 міліметраў, або 230 працэнтаў да месячнай нормы.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота Альфрэда МІКУСА.