Крыж-абярэг

Духовность

IMG_0854

Першы крыж у пачатку вёскі Лукашова быў устаноўлены больш за 20 гадоў таму. Яго зрабіў мясцовы разбяр Валянцін Мелец. Вяскоўцы крыж рэгулярна малявалі, упрыгожвалі, але гады зрабілі сваю справу — стары крыж трэба было мяняць. Аднаго разу, будучы на мясцовых могілках, гэта заўважыў ксёндз Андрэй Бульчак — пробашч новай пастаўскай парафіі Езуса Міласэрнага, да якой належыць і Лукашова. Выказаў сваю ідэю Уладзіміру Каравацкаму, які дапамагае святару ў многіх справах. І Уладзімір Уладзіміравіч неўзабаве зварыў металічны крыж. Прывезлі ў вёску, а мясцовыя мужчыны Леанід Антаневіч, Віктар Дабравольскі, Ігар Шакола яго ўстанавілі.

— Асноўныя клопаты па добраўпарадкаванні ўзяла на сябе старэйшына Людміла Мелец, — расказвалі вяскоўцы. — Сабралі грошы, закупілі туі. Галіна Якубовіч, Тэрэза Зеляндзін, Галіна Федаронак, Ванда Рамбальская памалявалі крыж, абгародку ля яго, пасадзілі туі, аздобілі тэрыторыю. 

У першую нядзелю красавіка ксёндз Андрэй прыехаў на асвячэнне крыжа. Сабраліся людзі рознага ўзросту і веравызнання.

IMG_0840

— Крыж Езуса — гэта самы вялікі скарб у жыцці кожнага з нас, які не трэба шукаць, а дастаткова толькі з удзячнасцю прыняць яго, — гаварыў святар. — Гэта Божае святло і моц, любоў, якую паказвае нам Езус Хрыстус. Няхай нашы галовы часцей уздымаюцца да Яго, а Ён абуджае нас да новага жыцця згодна з хрысціянскімі каштоўнасцямі. Сын Божы памёр дзеля збаўлення і праваслаўных, і католікаў, і пратэстантаў. І хто б ні праходзіў каля гэтага месца, укрыжаваны Хрыстус будзе кожнага благаслаўляць.

— Вялікае дзякуй ксяндзу Андрэю за ідэю, за клопат пра наша збаўленне, — гаварылі тыя, хто сабраўся на гэту значную для вёскі па­дзею. — А Уладзіміру Уладзіміравічу — за яго майстэрства і бескарыслівасць. Будзем памятаць пра іх у сваіх малітвах.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.