Малайцы, гарманісты!

Местная власть

DSCI0027

З 3 па 6 красавіка ў г. Даўгаўпілс праходзіў XV Міжнародны конкурс салістаў-акардэаністаў “Науене-2017”, які сабраў амаль тры сотні ўдзельнікаў з дзіцячых музычных школ, сярэдне­спецыяльных і вышэйшых навучальных музычных устаноў Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Сербіі, Харватыі, Босніі і Герцагавіны, Расіі, Украіны і Беларусі. Сярод прадстаўнікоў нашай краіны былі і двое пастаўчан — навучэнцы 4 класа дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза Аляксей Гамолка і Аляксандр Іжмайловіч (на здымку). Абодва хлопчыкі спасцігаюць майстэрства ігры на баяне ў Святланы Аляксандраўны Пусько, якая і падала заяўку на ўдзел у конкурсе.

Па яго ўмовах, усе баяністы і акардэаністы выконвалі па два рознахарактарныя творы і змагаліся за галоўны прыз у некалькіх катэгорыях. Нягледзячы на тое, што сапернікамі Алёшы і Сашы былі 154 юныя музыканты, многія з якіх вучацца ў гімназіях-каледжах Таліна, Каўнаса, Масквы, Магілёва, Клайпеды, Гродна, Вільнюса і іншых буйных гарадоў, нашы землякі змаглі абысці па суме набраных балаў пераважную большасць канкурсантаў і заваяваць дыпломы лаўрэатаў ІІ ступені ў катэгорыі “Музычныя школы: 1—4 клас”. Дарэчы, для Аляксандра Іжмайловіча гэта ўжо другая паспяховая паездка на дадзены конкурс: летась ён таксама стаў яго лаўрэатам. Прыемна, што і Гран-пры сёлета дастаўся беларусу. Яго павёз дамоў ­удзельнік са Смалявіч.

Алена ШАПАВАЛАВА.