Маміны ручнікі і вышыўкі


1128974598984

Усё часцей згадваю дзяцінства ў Ракітах. І так хораша ўспамінаць радасці і смутак тых гадоў. Гэтыя ўспаміны пра маленства з парэпанымі пяткамі, босымі нагамі ў цыпках, набітай аскомінай ад зялёных ягад і яблыкаў цяпер здаюцца асаблівымі, чыстымі і прыгожымі. Як сатканыя матуляй ручнікі ці вышыўкі з кветкамі ў рамцы, зробленай татам. А маміны рукі маглі зрабіць многае: абрусы, дарожкі, дываны, накідкі, вышыўкі з аленямі, тройкамі коней, кветкамі.

Памятаю, як матуля вярталася з поля з сярпом на плячы, як палола, ірвала лён, калі была звеннявой у калгасе “Шлях да камунізму”, а па вечарах пры газоўцы прала кужаль, воўну, сукала ніткі, снавала аснову, вязала, ткала, шыла абновы нам, тату, ягонаму брату, суседзям. Рабіла іх па модзе, з фатаграфій, дасланых раднёй з-за акіяна. Аднаму з нашых ракіцкіх хлопцаў сшыла паліто з буркі, якую ён прывёз пасля службы на Каўказе. Вельмі спрытна цыравала нам з сястрычкай шкарпэткі, дарабляла да рукавічак пальчыкі. Вырабы з-пад нястомных маміных рук цешылі вока арыгінальнасцю, самабытнасцю і прыгажосцю. Па розных прычынах гэтых рэліквій засталося няшмат, але яны ёсць не толькі ў нас з сястрой, але і ў сем’ях маіх сыноў.

Узімку жанчыны збіраліся на вячоркі ў сянях дзядулевай хаты, гаманілі, спявалі і рупліва пралі кужаль на споднюю бялізну і ручнікі. Апошнім адводзілася асаблівая роля. На яго заўсёды клалі хлеб з печы. Вышытыя ручнікі ўпрыгожвалі абразы, крыжы, рамкі з сямейнымі фотаздымкамі. Памятаю, як сустракалі цёцю Лёнечку з яе маладым прыгожым жаніхом хлебам-соллю на святочным ручніку. На ручнік станавіліся маладыя, каб іх сумеснае жыццё было шчаслівым. Ім перавязвалі сватоў, звязвалі рукі маладым, каб яны былі неразлучнымі. І вясельны каравай таксама клалі на бялюткі ручнік.

Няма больш маёй роднай вёсачкі Ракіты. Старэйшыя жыхары памерлі, маладыя выехалі ў гарады. Даўно ўжо няма на гэтым свеце мамы і таты. Але пакуль мы, жывыя, памятаем пра іх — яны з намі.

Л. СЕМЯНАС,

няштатны карэспандэнт.