У панядзелак надвор’е радавала сонцам і цяплом. Здавалася, з самага ранку можна распачынаць сяўбу. На лёгкіх землях так, але не ў ААТ “Сцяг Перамогі-агра”. Работы тут стрымлівала пераўвільготненасць глебы. Механізатар Віктар Чыпко (на здымку) у поле за Сіманькамі выехаў толькі пасля абеду.
— Гэта мая 27-я пасяўная, — расказваў. — Розныя яны былі. Але з кожным годам становіцца ўсё складаней. Тэхніка часта ламаецца, з палівам перабоі, а сёлета яшчэ і надвор’е стрымлівае тэмпы. На бліжэйшыя дні зноў прагназуюць дажджы. Кожнае поле мае сваю асаблівасць. У шыркаўскім аддзяленні ўчасткі дробнаконтурныя, няроўныя. На гары глеба добра падсохла, а ў нізіне трактар буксуе. Адчуваю, пасяўная расцягнецца.
— Механізатары стараюцца, — гаварыла малады аграном Ала Чатовіч, якая закончыла Смальянскі сельскагаспадарчы каледж, цяпер завочна вучыцца ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. — Разумеюць, што ад таго, як пасеюць вясной, залежыць ураджай. Работы вядуцца выбарачна, засяваем сушэйшыя ўчасткі.
Ёсць шмат праблем. У тым ліку з кадрамі механізатараў. Многія вопытныя пайшлі на заслужаны адпачынак, маладыя неахвотна выбіраюць сельскую гаспадарку. Сяўбу вядуць Віктар Чыпко і Іван Маісееў. Аб’ём работы, якую трэба выканаць у самыя сціслыя тэрміны, унушальны — 2280 гектараў. З іх 1100 зоймуць зерневыя, 280 — зернебабовыя. Нагрузка на тэхніку і людзей вялікая. За пагодлівыя дні каля Аўласаў і на землях, бліжэйшых да горада, паспелі пасеяць авёс. Сёння чарга лубіну.
Насенне ў поле дастаўляе і загружае ў сеялку Мікалай Гіль. Яго стаж работы ў гаспадарцы 40 гадоў.
— На пятым па ліку трактары працую, — гаварыў. — Гэты атрымаў у 1999 годзе. Пакуль у адных руках — служыць. Пасяўная — вельмі адказная пара. На жаль, не ўсё ад людзей залежыць. Нягледзячы на розныя цяжкасці і праблемы, кожны год з вызначаным аб’ёмам работ спраўляліся. Будзем старацца і сёлета.
Анна АНІШКЕВІЧ.
Фота Антона ЧАЛЕЯ.