Надвор’е падстаўляе падножкі


М. М. Галубёнак знаёміць з новым бюлетэнем Валерыя Татуна і Генадзя Казакевіча, якія вызначаюцца на падрыхтоўцы глебы да сяўбы.
М. М. Галубёнак знаёміць з новым бюлетэнем Валерыя Татуна і Генадзя Казакевіча, якія вызначаюцца на падрыхтоўцы глебы да сяўбы.

У мінулыя гады хлебаробы філіяла “Нафтазаводмантаж-агра” да 1 мая завяршалі сяўбу ранніх яравых зерневых. Заставалася звычайна толькі кукуруза. Сёлета насенне аўса на першых гектарах лягло ў глебу 4 красавіка каля вёскі Луцк-Казлоўскі. А затым снег прыпыніў работы на некалькі дзён. Не дазваляе над­вор’е шырока разгарнуць іх і зараз.

Ааб’ём работ трэба выканаць вялікі, бо філіялу перадалі 1800 гектараў ворыўнай зямлі ААТ “Парыж-агра”, аб’яўленага банкрутам. І цяпер гаспадарцы трэба засеяць амаль 2000 гектараў (удвая больш, чым летась).

— Землі незнаёмыя ні мне, ні механізатарам, — расказвала галоўны аграном філіяла “Нафтазаводмантаж-агра” Марына Мечыславаўна Галубёнак. — Аб’­язджаем, вывучаем. Вышэйшы бал урадлівасці — у парыжскіх (у нас — 23,5, у іх — 26,5), большая і контурнасць — ёсць палі да 44 гектараў. Але пакуль вельмі мокра, на большасць участкаў не ўз’ехаць. На некаторых сяўбу вядзём выбарачна. Уся нагрузка кладзецца на нашых работнікаў. Ні адзін механізатар не перайшоў з Парыжа. Цяжка назваць прычыну гэтага. Можа, стрымала тое, што ў нас строгая дысцыпліна, тэхніка выкарыстоўваецца толькі па назначэнні. Калі трэба апрацаваць уласны ўчастак, то за асобную плату. У сваіх жа механізатарах я ўпэўнена. На палявых работах іх задзейнічана 13. Усе не першы сезон на пасяўной, добра ведаюць тонкасці. Адказныя, добрасумленныя, руплівыя, настроены на эфектыўную працу.

Падсевам траў на трактары “МТЗ-82” з СУ-12 займаецца Сяргей Счасны. Гэту работу выканаў на 350 гектарах, што складае 80 працэнтаў да плана. На ворыве глебы на МТЗ-1221 з плугамі ПКМП-3-40 вызначаецца Аляксандр Мядзвецкі. Ён і Ян Губскі, які працуе на МТЗ-3022 з сеялкай АПП-6, трэці год як перайшлі з СП “Дунілавічы-агра”. Паспелі зарэкамендаваць сябе з найлепшага боку. Спорыцца работа ў сеяльшчыкаў Георгія Зелянкевіча, які на МТЗ-3022 з селкай АПП-6 засеяў больш за 200 гектараў, і ў Сяргея Янковіча (кзр-10, сеялка “Лемкен”). Глебу трактарамі “МТЗ-1221” з КЧ-5,1 увесь светлавы дзень, калі дазваляе надвор’е, рыхтуюць Генадзій Казакевіч і Валерый Татун. На рахунку кожнага больш чым па 300 гектараў. Усе механізатары працуюць на розных участках. Адлегласць ад аднаго да другога можа перавышаць 50 кіламетраў. Але да кожнага даязджаюць вадзіцель Вячаслаў Бурак і раздатчыца Таццяна Дзіковіч. Абеды не першы год гатуюць у кафэ райспажыўтаварыства ў Варапаеве.

Абед для сеяльшчыка Георгія Зелянкевіча.
Абед для сеяльшчыка Георгія Зелянкевіча.

Пастаянна ў полі і галоўны аграном. Яна дастаўляе механізатарам бюлетэні аб зробленым і заробленым. Расцэнкі па ўсіх відах работ распрацаваны такім чынам, што пры перавыкананні нормы выпрацоўкі і забеспячэнні належнай якасці прымяняюцца каэфіцыенты, якія значна павышаюць заробак. Меры заахвочвання стымулююць работу.

— Мы разумеем важнасць пасяўной кампаніі і зацікаўлены ў тым, каб як мага хутчэй з ёй управіцца, — гаварылі механізатары. — Як папрацуем  вясной, такі ўраджай атрымаем восенню. За зіму сваімі сіламі добра падрыхтавалі тэхніку, і яна пакуль не падводзіць. Забяспечаны палівам і насенным матэрыялам. А надвор’е стрымлівае ход. З-за снегу змарнавалі некалькі дзён. Не на поўную магутнасць працуем і цяпер. Цяжка прадказаць, на колькі часу расцягнецца сяўба. 

— А які стан азімых? — цікаўлюся ў М. М. Галубёнак.

— Пшаніца і рапс перазімавалі добра, — расказвала. — Своечасова правялі іх падкормку. Унеслі неабходную колькасць удабрэнняў, пачалася вегетацыя. Што будзе пасля нядаўняга марозу, сказаць цяжка. За час маёй работы аграномам такіх непрыемных сюрпрызаў прырода не падкідвала. Стан трыцікале можна назваць здавальняючым, але 30 гектараў яго трэба перасяваць. Ведаю, што ў іншых гаспадарках гэта культура пера­зімавала значна горш.

З галоўным аграномам аб’язджаем некаторыя палі. Многія гарыстыя ўчасткі ў нізіне акружаны вадзяной “стужкай”, “люстэркі” ляжаць і на раўніне. А дзе магчыма, працуе тэхніка. Робіцца ўсё для таго, каб да мінімуму скараціць тэрміны веснавых палявых работ. Толькі б усталявалася нарэшце надвор’е.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.