Не памыліцца ў выбары


IMG_0729

Кожную вясну перад выпускнікамі школ паўстае пытанне выбару прафесіі і навучальнай установы, у якой можна яе атрымаць. Калі адны даўно вырашылі, куды будуць паступаць, то іншыя ніяк не могуць вызначыцца, кім быць. Менавіта ў дапамогу такім юнакам і дзяўчатам і ладзіцца штогод раённы прафарыентацыйны злёт.

Выкладчыца Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа А. А. Канаш.
Выкладчыца Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа А. А. Канаш.

Сёлета на яго сабралася дзве з паловай сотні 11-класнікаў з усіх школ горада і раёна. На сустрэчу з імі арганізатары запрасілі прадстаўнікоў раённага выканаўчага камітэта, вышэйшых і сярэдне­спецыяльных навучальных устаноў розных профіляў.

— У сучасных умовах выбар прафесіі — адзін з найгалоўнейшых, які робіць у сваім жыцці чалавек, — гаварыў, звяртаючыся да моладзі, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. Я. Кашырын. — І тут вельмі важна не памыліцца, бо сёння ідзе канкурэнцыя не толькі ў вытворчасці прадукцыі, але і пры атрыманні выпускнікамі працоўных месцаў. Прадпрыемствы і ўстановы маюць патрэбу не проста ў работніках з дыпломам, а ў тых, хто ўсвядомлена зрабіў прафесійны выбар і стаў за час вучобы выдатным спецыялістам.

Дэкан аграмеханічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта В. Б. Лоўкіс.
Дэкан аграмеханічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта В. Б. Лоўкіс.

Аляксандр Яўгеньевіч коратка спыніўся на настаўніцкай прафесіі, адзначыўшы, што сёння ў раёне працуюць каля 800 педагогаў з вышэйшай адукацыяй. Праз чатыры-пяць гадоў прыемна будзе сустрэцца з цяперашнімі выпускнікамі, якія закончаць педагагічныя ВНУ і ССНУ і змогуць даказаць, што менавіта яны патрэбны школам Пастаўшчыны. Перад 11-класнікамі выступіў таксама галоўны спецыяліст (юрысконсульт) упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А. Ю. Машніч, які расказаў, дзе можна атрымаць прафесію юрыста і знайсці прымяненне набытым ведам і ўменням. А затым слова ўзялі прадстаўнікі навучальных устаноў.

Першымі сваю альма-матар прэзентавалі навучэнцы Пастаўскага дзяржаўнага каледжа. З дапамогай музыкі і песень яны расказалі, якіх спецыялістаў рыхтуюць у каледжы, і заклікалі выпускнікоў паступаць у яго. Аналагічную музычна-тэатралізаваную прэзентацыю прафесій падрыхтавалі навучэнцы Маладзечанскага гандлёва-эканамічнага каледжа. Але перш чым госці паказалі “жывую газету” і разыгралі шэраг сцэнак на тэму вучнёўскага жыцця, рэкламу ўстанове адукацыі зрабіла загадчыца дзённага аддзялення Г. У. Лівушына.

Сваю навучальную ўстанову прэзентуюць навучэнцы Маладзечанскага гандлёва-эканамічнага каледжа.
Сваю навучальную ўстанову прэзентуюць навучэнцы Маладзечанскага гандлёва-эканамічнага каледжа.

Як мага больш інфармацыі пра свае навучальныя ўстановы пастараліся даць выпускнікам і іншыя запрошаныя на прафарыентацыйны злёт — выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны і аграрнага каледжа пры ім, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, Полацкага і Віцебскага дзяржуніверсітэтаў, ляснога, аграрна-эканамічнага і гандлёва-тэхналагічнага кале­джаў у Полацку. Усе яны гаварылі пра перавагі паступлення ў названыя ВНУ і ССНУ, спецыяльнасці, якія можна там атрымаць, асаблівасці сёлетняй уступнай кампаніі і многае іншае, дэманстравалі відэафільмы пра навучальныя ўстановы, запрашалі ў іх на дні адчыненых дзвярэй, пакідалі рэкламныя буклеты.

У канцы сустрэчы, якая доўжылася дзве з паловай гадзіны, слова ўзяла галоўны спецыяліст аддзела па занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Г. Ф. Дзеравянка. Яна расказала, куды звяртацца тым выпускнікам, якія нікуды не паступяць або выберуць завочную форму навучання і захочуць знайсці работу. Усім 11-класнікам Галіна Фёдараўна і іншыя выступоўцы пажадалі ажыццяўлення намечаных планаў.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.