Працаваў нават на станцыі

Общество

IMG_0893

З кожным годам аддаляецца ад нас красавік 1986-га. Усё больш адыходзіць у гісторыю аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Але колькі б ні прайшло часу, у памяці ліквідатараў самай буйной тэхнагеннай катастрофы сучаснасці і іншых непасрэдных удзельнікаў тых падзей яны будуць такімі ж выразнымі, як і раней.

Добра памятае ўсе дэталі камандзіроўкі на Гомельшчыну і жыхар Варапаева Валянцін Станіслававіч Ярмола. У чарнобыльскую зону ён трапіў па павестцы райваенкамата 28 верасня 1986 года. Віцебскі полк ваеннаабавязаных стаяў у Брагіне. Жылі ў палатачным гарадку. Спачатку “навабранцы” будавалі ў ім розныя аб’екты. Валянцін Станіслававіч, у прыватнасці, дапамагаў узводзіць магазін, нехта дабудоў­ваў сталовую. А потым іх сталі адпраўляць на работу на тэрыторыі ў непасрэднай блізкасці ад станцыі.

— Пасля сняданку нам выдавалі спец­адзенне і везлі каго куды, — успамінаў В. С. Ярмола. — Мне ў асноўным выпадала ездзіць у 10-кіламетровую зону прыбіраць адселеныя вёскі. На месцы мы, чалавек 300, з косамі і лапатамі стана­віліся ў шарэнгу і касілі траву, зразалі дзірван з асеўшым радыеактыўным пылам. Зямлю ўбіралі на штык лапаты, грузілі ў машыны і вывозілі на так званыя могільнікі — загадзя выкапаныя катлаваны. Спецыяльная тэхніка абмывала дэзактывуючым растворам дамы, дрэвы, машыны і матацыклы ў дварах. Калі не атрымлівалася змыць з транспарту радыяцыю, яго закопвалі.

Выдадзеныя касцюмы хімічнай абароны ліквідатары не апраналі, бо ў той год стаяла вельмі спякотнае надвор’е і ў цяжкай вопратцы немагчыма было дыхаць. Іх выкарыстоўвалі толькі падчас работы на станцыі. Туды Валянцін Станіслававіч ездзіў цэлы тыдзень. Працавалі па 12 гадзін, прыбіраючы кавалкі бетону ад разбуранага выбухам рэактара і іншае смецце, якое таксама вывозілі на могільнікі. Тое, што кожны дзень атрымлівае вялізную дозу радыяцыі, мужчына ведаў, паколькі тэрміновую службу праходзіў хімікам-дазіметрыстам падводнай лодкі на Паўночным флоце. У адрозненне ад многіх камандзіраваных ён не еў прыгожыя яблыкі, грушы, вінаград, разнастайную агародніну, якіх было шмат у пакінутых гаспадарамі дварах.

У Варапаева В. С. Ярмола вярнуўся амаль праз тры месяцы. Кажа, што спачатку адчуваў сябе добра, а праз пару гадоў пачаў скакаць ціск, непакоіць галаўны боль. Але не толькі гэта нагадвае пра небяспечную камандзіроўку. Раз-пораз прыходзяць звесткі пра тое, што пайшоў з жыцця чарговы сябар з Оршы, Полацка, Віцебска, Пастаў, з якім ліквідавалі наступствы аварыі, ды ўсплываюць убачаныя тры дзесяцігоддзі назад кар­ціны.

— Калі прыехаў у Брагін, мяне ўразіла тое, што быў заасфальтаваны ўвесь пасёлак, — расказваў мой суразмоўца. — Нават у дварах, каля калодзежаў ляжаў новенькі асфальт, і з яго пастаянна змывалі пыл. Штодзень гадзіны ў 4 раніцы на вуліцы выязджала палівачная машына, якая працавала да самага вечара. Уразілі таксама адселеныя вёскі, дзе ўсё выглядала так, нібы гаспадары ненадоўга кудысьці выйшлі. Некаторыя жыхары, у асноўным старыя, прымусова вывезеныя з родных мясцін, хаваючыся ад міліцэйскіх і ваенных пастоў, лясамі вярталіся дамоў.

Пра ўсё гэта Валянцін Станіслававіч распавядае навучэнцам Варапаеўскай школы, у кацельні якой працуе, у Дзень чарнобыльскай трагедыі. Двойчы, у 2015 і 2016 годзе, па запрашэнні нямецкага боку разам з іншымі ліквідатарамі з Варапаева ездзіў у Германію, горад Фюрт, дзе штогод праводзіцца Еўрапейскі ты­дзень акцый “За будучыню пасля Чарнобыля і Фукусімы”. Сустракаўся з прадстаўнікамі мясцовай адміністрацыі, грамадскіх і рэлігійных аб’яднанняў, выступаў перад вучнямі і настаўнікамі школ з успамінамі пра ліквідацыю наступстваў катастрофы. 

Увага да ліквідатараў з боку еўрапейцаў зразумелая: яны дапамагалі ўсім, ратуючы ад радыяцыйнага забруджвання не толькі Беларусь і Украіну, але і Еўропу. Без іх дапамогі навакольнаму асяроддзю і людзям быў бы нанесены куды большы ўрон.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.