“Проміс Тэхна” адкрывае Еўропу


Аляксей Нехвядовіч.
Аляксей Нехвядовіч.

Упершыню на беларускім рынку ПРОМІС заявіў пра сябе ў 2004 годзе як пастаўшчык запчастак і камплектуючых да айчыннай і замежнай сельгастэхнікі. Паступова адбывалася пераарыентацыя ў бок развіцця ўласнай вытворчасці. Мінула больш за 10 гадоў, і сёння гэта гандлёва-вытворчая група кампаній мае салідную рэпутацыю не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.

Адно з асноўных вытворчых звёнаў холдынга размяшчаецца ў Паставах. Гэта вытворчае ўнітарнае прадпрыемства “Проміс Тэхна”. Па выніках работы за 2016 год сярод суб’ектаў малога бізнесу Пастаўшчыны яно ўвайшло ў тройку лідараў. Перамога ў раённым спаборніцтве немагчымая без высокіх паказчыкаў. І яны ў прадпрыемства ёсць: за год рост аб’ёму вытворчасці склаў 122%, рост экспарту паслуг – 165%, рост выручкі – 103%.

У “Промісе Тэхна” наладжаны поўны вытворчы цыкл: ад ліста металу да гатовага вырабу. Гэта стала магчымым дзякуючы найноўшаму абсталяванню, 90% якога – імпартнае. Сёння ў актыве прадпрыемства сучасныя такарныя, фрэзерныя, шліфавальныя, свідравальныя станкі з лікавым праграмным кіраваннем, устаноўкі газавай і плазменнай рэзкі. Штомесяц тут перапрацоўваецца каля 50 тон металу.

Прыярытэтны кірунак – вытворчасць запчастак да пасяўных, корманарыхтоўчых і глебаапрацоўчых агрэгатаў. Трэба сказаць, што асартымент прадукцыі пастаянна пашыраецца. За першы квартал гэтага года распрацавалі і асвоілі выпуск 16 новых адзінак. У перспектыве на год – яшчэ каля паўсотні навінак.

Аляксандр Вярбіцкі.
Аляксандр Вярбіцкі.

Андрэй Пятровіч Лічэўскі, намеснiк дырэктара па вытворчасцi ВУП “Проміс Тэхна”, тлумачыць:

– Такая вытворчая актыўнасць ляжыць у ідэалагічнай аснове нашай кампаніі – быць наперадзе і асвойваць прадукцыю, якую пакуль не робіць ніхто. Яе высокую якасць пацвярджаюць шматлікія ўзнагароды прэстыжных міжнародных і рэспубліканскіх выстаў. Мы ніколі не заспакойваемся і не спыняемся на дасягнутым.

“Проміс” першым у нашай краіне стаў выкарыстоўваць у сваёй вытворчасці сталь спецыяльных марак. Чарговы раўнд перамоў па яе пастаўцы прадпрыемства вядзе са Швецыяй. Зразумела, што з высакакласнай сыравіны і прадукцыя атрымліваецца адпаведнай якасці. Аднак гэта цягне за сабой дадатковыя выдаткі. З мэтай пастаяннага ўдасканалення і наладкі вытворчых працэсаў “Проміс Тэхна” прымае ўдзел у праграме прамога са­дзейнічання на ўзроўні цэхаў у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Інстытуцыянальнае развіццё і падтрымка палітыкі па мадэрнізацыі прадпрыемстваў – вытворцаў кампанентаў для аўтамабільнага сектара ў Рэспубліцы Беларусь» пры падтрымцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Дзякуючы гэтаму літаральна за тыдзень на адным з участкаў прадукцыйнасць працы вырасла на 76%, на другім – на 24%. На прадпрыемстве спадзяюцца, што ў маі (на гэты час запланавана правядзенне чарговых сумесных мерапрыемстваў) іх чакае не менш уражлівы вынік.

Стэнд гатовай прадукцыі.
Стэнд гатовай прадукцыі.

Якасная сыравіна, высокадакладнае абсталяванне і пільны кантроль на кожным з этапаў вытворчасці. Гэты спіс складальнікаў поспеху “Проміса Тэхна” быў бы не поўным без кваліфікаваных, тэхнічна падкаваных работнікаў. Кіраўніцтва прадпрыемства заўсёды ўважліва ставіцца да іх патрэб. У прыватнасці, вялі­кую ўвагу надае ўмовам працы. У свой час былі ўкладзены даволі вялікія сродкі, каб абсталяваць зварачны і нарыхтоўчы ўчасткі аспірацыйнымі ўстаноўкамі, у цэхах наладзіць  выцяжную вентыляцыю. Нягледзячы на шкоднасць вытворчасці, паветра тут заўсёды чыстае. І цёплае. Таму што ўсім вытворчым пабудовам своечасова зрабілі цеплавую рэабілітацыю, паставілі абагравальнікі. Клопат пра сваіх работнікаў “Проміс Тэхна” праяўляе і праз даволі высокія зарплаты. Да таго ж цалкам выконваецца сацыяльны пакет, выплачваецца дапамога пры ўступленні ў шлюб і нараджэнні дзіцяці. Праўда, і патрабаванні высокія. Расслаблены рэжым работы не пройдзе.

Каб загрузіць прадпрыемства на поўную моц, нядаўна актыўна набіралі новых работнікаў. Зараз тут працуе 60 чалавек. Пашырэнне штату дазволіла перайсці на двухзменны графік работы. Расці і развівацца мясцоваму вытворцу ў першую чаргу дазваляе рынак. Высакаякасныя запчасткі і камплектуючыя да сельгастэхнікі  “Промісам Тэхна” сёння пастаўляюцца на буйныя беларускія заводы, у сельскагаспадарчыя кааператывы, фермерскія гаспадаркі. У ліку пастаянных пакупнікоў і наш раён. Да прыкладу, за апошнi квартал партыя запчастак для пастаўскіх сельгаспрадпрыемстваў склала каля 100 000 дэнамінаваных рублёў. 

Пастаўская прадукцыя актыўна пастаўляецца на экспарт у краіны СНД, Прыбалтыкі i некаторыя краiны Еўропы. Магчыма, у бліжэйшы час геаграфія паставак яшчэ пашырыцца. Пару месяцаў назад у адным з літоўскіх інстытутаў прадпрыемства праходзіла дастаткова сур’ёзны тэст па дэталях з тэрмаапрацоўкай. Цяпер іх перадалі на ўзгадненне ў Галандыю. Калі якасць вырабаў прызнаюць адпаведнай, то перад “Промісам” адкрыюцца новыя гарызонты ў краiнах Еўропы.

Ураджай – справа тэхнікі. Так гучыць адзін са слоганаў “Проміс Тэхна”. І з ім немагчыма не пагадзіцца, калі за справу бяруцца сапраўдныя прафесіяналы.

Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ.

Фота Сяргея ВШЫЎКАВА.