Прыемная нечаканасць

Спорт

3613

Падведзены вынікі VII чэмпіянату раёна па хуткіх шахматах. Традыцыйна мацнейшага вызначалі па кругавой сістэме ў фінальнай частцы спаборніцтваў. У запаветную васьмёрку можна было трапіць праз адборачныя турніры. Сёлета іх правялі шэсць, і ў трох поспех святкаваў мінулагодні чэмпіён Дзмітрый Стахоўскі. Яго і лічылі фаварытам.

Апошнім часам многія палепшылі свае індывідуальныя паказчыкі, асабліва ў хуткіх шахматах. А пры высокай канкурэнцыі вынікі бываюць непрадказальнымі. Так і адбылося. З першых тураў лідарства захапіў Дзмітрый Крупадзёраў (ААТ “Паставымэбля”). Многія гэта не ўспрынялі сур’ёзна і пралічыліся. Абнадзейвала і тое, што на экватары гульняў бяспройгрышную серыю лідара спыніў Дзмітрый Стахоўскі. Але гэта была адзіная асечка. У выніку Д. Крупадзёраў упершыню стаў чэмпіёнам раёна.

Даволі напружаная барацьба разгарнулася і за прызавыя месцы. Сведчаннем таго сталі вельмі шчыльныя вынікі. Давялося камп’ютару вызначаць максімальна высокія шахматныя каэфіцыенты. Гэтыя падлікі вывелі на другое месца галоўнага інжынера раёна газазабеспячэння Аляксандра Таразевіча. Трэці вынік паказаў індывідуальны прадпрымальнік Дзмітрый Стахоўскі, які пакінуў за рысай прызёраў аўтара гэтых радкоў.

Вызначылі свайго пераможцу і ветэраны. Апошнія два гады ў такіх турнірах упэўнена перамагаў 69-гадовы Віктар Шастакоў. Сёлета ж яго апярэдзіў 67-гадовы Авенір Чырванец. Ён не пакінуў шансаў сапернікам за два туры да заканчэння і нікому не прайграў. Прадаўжае радаваць стабільнай гульнёй Вайцех Сямашка з Ляхаўшчыны, які замкнуў тройку прызёраў.

Ю. КАТОВІЧ,

удзельнік спаборніцтваў.