Радуюць дасягненнямі

Спорт

Члены каманды па міні-футболе.
Члены каманды па міні-футболе.

Чарговая лінейка ў дзяржаўным каледжы была прысвечана прыемным падзеям — зборныя каманды ўстановы па футболе, стральбе і валейболе заваявалі прызавыя месцы адпаведна на раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Аляксандраўна Шылько павіншавала спартсменаў і іх трэнераў з перамогай, уручыла дыпломы. Ад імя раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ падарункі і Кубкі прызёрам уручыў Вячаслаў Іванавіч Спасібенка.

— Ганарыцца сапраўды ёсць чым, — гаварыў пазней выкладчык фізкультуры каледжа, ён жа трэнер стралкоў, Юрый Барысавіч Трафімаў. — Столькі дыпломаў розных ступеняў! Малайцы рабяты! Іх настойлівасць, імкненне паказаць найлепшыя вынікі і прынеслі перамогі. Напрыклад, Арцём Атвалка лідзіраваў на раённых спаборніцтвах па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Не было яму роўных і на абласных, дзе абаранялі гонар пярвічных структур ДТСААФ. Свой уклад у агульны поспех каманды ўнеслі таксама стралкі Вадзім Каравацкі і Насця Гінько.

Лепшыя валейбалісты.
Лепшыя валейбалісты.

Добры вынік паказала каманда па валейболе — другое месца на рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод навучэнцаў устаноў сярэднеспецыяльнай адукацыі. Несумненная заслуга ў гэтым трэнера Генадзія Генадзьевіча Савосіна. У складзе каманды — Дзмітрый Аксёненка, Ігар Гінько, Дзяніс Радзевіч, Арсеній Шнітоўскі, Сяргей Давідзюк, Аляксей Рапалаў, Кірыл Пронька, Ілья Шырневіч і Арцём Атвалка. Хлопцы фізічна моцныя і мэтанакіраваныя.

Радуюць поспехі каманды па футболе, якую трэніруе выкладчык фізічнай культуры і здароўя каледжа Аляксандр Аляксандравіч Тарасевіч. На рахунку футбалістаў перамога ў розыгрышы Кубка раёна па міні-футболе, другое месца на раённых спаборніцтвах сярод арганізацый і прадпрыемстваў. Гонар каледжа ў гэтым відзе спорту абараняюць Раман Пасевіч, Максім Гарбачоў, Руслан Хаткевіч, Сяргей Міснік, Валерый Пліско, Аляксей Рапалаў, Яўген Лубко і Іван Рамбальскі.

— Спрабуем сілы і ў новых відах спорту, — працягваў Юрый Барысавіч. — Напрыклад, у плаванні. На раённых спаборніцтвах сярод арганізацый і ўстаноў навучэнец Максім Кузьміч паказаў адзін з лепшых вынікаў, прапусціўшы наперад толькі супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Паспяхова выступаюць нашы спартсмены ў лёгкаатлетычных кросах і лыжных гонках. Большасць навучэнцаў — выпускнікі школ раёна. Адтуль, дзе фізкультуры ўдзяляецца належная ўвага, дзеці прыходзяць больш падрыхтаванымі, фізічна развітымі. У некаторых спартыўныя здольнасці раскрываюцца ў нашым кале­джы. Зацікавіць якім-небудзь відам спорту стараемся з першых дзён вучобы. А калі ёсць мэта, тады з’яўляецца і жаданне яе дасягнуць. Усе пачынанні падтрымлівае кіраўніцтва ўстановы, за што спартсмены вельмі ўдзячны.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.