Сэрвіс на мяжы законнасці


3125

Сярэдзіна дня. Настойлівы тэлефонны званок на кватэрны тэлефон. Здымаю трубку:

— Добры дзень, — пачынае размову прыемны жаночы голас. — Сёння наша кампанія праводзіць майстар-клас па прафілактыцы пластыкавых вокнаў. Гэта абсалютна бясплатна. Наш спецыяліст зараз знаходзіцца якраз на вашай вуліцы, так што, калі вы нікуды не збіраецеся, то максімум праз паўгадзіны ён будзе ў вас.   

Ветліва тлумачу, што такая прапанова мне нецікавая, з вокнамі праблем не маю. Аднак суразмоўца на тым канцы тэлефоннага провада не сунімаецца:

— Аконная фурнітура мае ўласцівасць зношвацца, а вы гэтага можаце нават і не заўважыць. Мы патлумачым, як трэба пра­вільна эксплуатаваць вокны, каб яны спраўна служылі. 

У мяне доўга не атрымліваецца перарваць субяседніцу. Яна ўсё гаворыць і гаворыць. Пра дрэнны паветраабмен у кватэры са старымі пластыкавымі вокнамі, пра цвіль, якая завядзецца, і пра яе шкоду для здароўя. Нарэшце я не вытрымліваю і проста кладу тэлефонную трубку.

Магчыма, мая рэакцыя была б іншай, калі б за апошні час настолькі не надакучыў  назойлівы сэрвіс. З рознай перыядычнасцю незнаёмыя і надзвычай гаваркія людзі прапануюць купіць за бясцэнак то набор цуда-посуду ці пасцельную бялізну, то запрашаюць прыйсці на прэзентацыю нейкіх коўдраў, патэльняў і Бог ведае чаго яшчэ, то прыхо­дзяць у кватэру з цвёрдым намерам паставіць фільтр на ваду. І вось — “бясплатная” прафілактыка пластыкавых вокнаў. 

Інтэрнэт стракаціць гісторыямі людзей, якія мелі неасцярожнасць пагадзіцца на прыход такога «спецыяліста». Спачатку ён абавязкова знаходзіць шмат недахопаў: аконная фурнітура патрабуе тэрміновага рэгулявання, ушчыльнік трэба замяніць… Пасля напорыста пачынае навязваць свае рамонтныя паслугі або нават пераконваць кліента, што адзінае выйсце — паставіць новыя вокны. Хаця, зразумела, што гэта “развод” чыстай вады. Да таго ж у 100% выпадкаў такі сумніўны сэрвіс абыдзецца чалавеку ў некалькі разоў вышэй за яго рэальны рыначны кошт. Вось і здараецца, што “бясплатная” праверка вокнаў заканчваецца складаннем дагавора на кругленькую суму.

Спрабуючы разабрацца, як можна абараніць сябе ад такіх залішне прадпрымальных грамадзян, звяртаюся ў РАУС. Аляксандр Мядзелка, начальнік ад­дзела аховы правапарадку і прафілактыкі, тлумачыць:

— Самае непрыемнае, што вельмі складана даказаць у такіх сітуацыях злы намер  прадаўцоў і майстроў. Людзі добраахвотна згаджаюцца на набыццё тавараў і паслуг, самі падпісваюць дагаворы. А калі прыходзіць разуменне, што з іх проста выцягнулі грошы і яны хочуць іх вярнуць назад, то гэта ўжо праблематычна.

Найлепшымі кліентамі для прадстаўнікоў такого агрэсіўнага сэрвісу, безумоўна, з’яўляюцца пенсіянеры. Гэта надзвычай даверлівая аўдыторыя. Таму не будзе лішнім рэгулярна напамінаць сваім пажылым бацькам, бабулям і дзядулям, што ў наш час не ўсім можна давяраць.

Аляксандр Генадзьевіч працягвае:

— Хачу параіць усім быць пільнымі, нічога не купляць з рук, не разменьваць грашовыя купюры староннім. Не трэба спяшацца пускаць у свае дамы і кватэры незнаёмцаў. Калі вы нікога не выклікалі, а да вас спрабуюць зайсці людзі, якія называюць сябе сацыяльнымі работнікамі, паштовымі кур’ерамі ці супрацоўнікамі любых іншых службаў, абавязкова папрасіце іх прад’явіць дакументы. Не лянуйцеся патэлефанаваць у адпаведную арганізацыю і ўдакладніць, ці працуе ў ёй такі чалавек.

Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ.