Скарб, які застанецца нашчадкам

Общество

IMG_0895

У суботу, 1 красавіка, паехаць у Варапаеўскае лясніцтва былі дзве нагоды — стартавала традыцыйная акцыя “Тыдзень лесу-2017”, і адметны юбілей у гэты дзень адзначаў гаспадар лясніцтва Анатолій Уладзі­міравіч Сапрончык.

Імянінніка павіншавалі дырэктар лясгаса Уладзімір Уладзіміравіч Місачэнка, яго намеснік (ён жа старшыня прафсаюзнай арганізацыі) Аляксандр Мікалаевіч Іванькоў, калегі. Затым ляснічыя адпра­віліся на пасадку алеі туй на тэрыторыі лясніцтва.

Пасадка туй на тэрыторыі Варапаеўскага лясніцтва.
Пасадка туй на тэрыторыі Варапаеўскага лясніцтва.

— Да пасадкі лесу ў нашым лясгасе прыступілі за некалькі дзён да аб’яўленай акцыі, — расказваў У. У. Місачэнка. —  Елкамі, соснамі, бярозамі ўжо засаджаны не адзін гектар. Займаюцца гэтым у асноўным работнікі лясніцтваў, а таксама людзі, якія часова без работы. Рады бу­дзем і добраахвотнікам. 

А іх аказалася нямала. На працягу тыдня А. М. Іванькоў штодня працаваў з рознымі групамі, дастаўляў саджанцы, расказваў правілы пасадкі, паказваў на практыцы. У маладым скверы непадалёк дзіцячага садка па вуліцы Юбілейнай працавалі вучні СШ №1. Яны адсаджвалі дрэўцы на месцы тых, якія не прыжыліся ці былі зламаны наўмысна. Такой жа справай займаліся і члены пярвічнай арганізацыі БРСМ 1-га ваеннага шпіталя насупраць сваёй установы. Ваеннаслужачыя 1-га радыё­тэхнічнага цэнтра садзілі дрэўцы на сваёй тэрыторыі, вучні СШ № 2 — па вуліцы Савецкай, а СШ № 3 — каля іх роднай школы.

Сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ ваеннага шпіталя старшы лейтэнант юстыцыі Вікторыя Дубовік (першая справа) з членамі БРСМ і работнікамі шпіталя.
Сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ ваеннага шпіталя старшы лейтэнант юстыцыі Вікторыя Дубовік (першая справа) з членамі БРСМ і работнікамі шпіталя.

Ажыўлена бы­ло падчас Ты­дня лесу ў гадавальніку лясгаса, дзе займаюцца вырошчваннем пасадачнага матэрыялу для лесакультурных мэт, дэкаратыўных парод для ўпрыгажэння гарадскіх, паркавых ландшафтаў. Яго начальнік Аляксей Родзь расказваў: “Са­джанцы пастаўляем у 9 лясніцтваў раёна. Плануем высадзіць больш за 250 тысяч штук. Гэта ў асноўным елкі, сосны, бярозы, клёны, ліпы, ясені, каштаны  і іншыя дрэвы. Неўзабаве і ў нас пачнецца пасяўная. Зімой збіралі насенне з шышак і адпраўлялі ў Глыбоцкі лясгас, дзе ёсць спецыяльнае абсталяванне для захоўвання. Еўрапейскай елкай мяркуем засеяць адзін гектар. Для таго, каб з семечка вырас саджанец, неабходна чатыры гады. Пасадачны матэрыял вырошчваем як на адкрытым грунце, так і з закрытай каранёвай сістэмай, калі ў асобную касету высаджваецца адно семечка. Сёння маем шырокі выбар дэкаратыўных дрэў і кустоў”. 

Вучні СШ №1 у скверы па вуліцы Юбілейнай.
Вучні СШ №1 у скверы па вуліцы Юбілейнай.

— У акцыі прынялі ўдзел 200 работнікаў лясгаса, — расказваў намеснік дырэктара Аляксандр Мікалаевіч Іванькоў. — У мерапрыемствы па ахове лесу і памнажэнні яго багаццяў актыўна ўключыліся вучні гарадскіх СШ №№1, 2, 3, а таксама Дунілавіцкай, Гуцкай, Лынтупскай, Камайскай сярэдніх, Старадворскай базавай, ваеннаслужачыя і беспрацоўныя. Лес — гэта каштоўны скарб. Праз шмат гадоў пасаджаныя дрэўцы будуць радаваць нашчадкаў.

І паліць не забыліся.
І паліць не забыліся.

Акцыя завяршылася, запланаваныя 70 гектараў пасаджаны, але работы па лесааднаўленні і навядзенні парадку працягваюцца.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.