Сорак дзён без Пятровіча

Общество

image

Сорак дзён мы жывём і працуем без Пятра Пятровіча Курыловіча. Не верыцца, што больш не адчыніць дзверы рэдакцыі, не пажартуе, не напіша новы матэрыял, не парадуе яркімі фотаздымкамі. Не хапае яго не толькі нам, калегам. Вось што гавораць пра Пятра Пятровіча тыя, хто цесна з ім супрацоўнічаў, а таксама чытачы “Пастаўскага краю”.

Сяргей Мікалаевіч ГЕРАСІМЕНКА, старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу:

— Сапраўдны мэтр журналістыкі. Асвятляў самыя разнастайныя тэмы. Пісаў пра вытворчыя справы, асабліва сельскай гаспадаркі, людзей працы, культурнае жыццё раёна і іншае. Заўсёды быў лёгкім на пад’­ём — у поле з ім маглі выехаць з самага ранку, без праблем — на вячэрнюю дойку. Працаголік, які паспяваў усюды. Быў нераўнадушны да ўсяго, што адбывалася навокал. Ведаў прозвішчы ўсіх кіраўнікоў, хлебаробаў, жывёлаводаў, і не толькі. Больш за 45 гадоў сваімі матэрыяламі ствараў летапіс пастаўскага краю.

Юрый Францішкавіч ШЫМЧЫК, дырэктар ААТ “Навасёлкі-Лучай”:

— У нашу гаспадарку Пётр Пятровіч прыязджаў на ўсе віды палявых работ, на святы. З ім былі знаёмыя нашы работнікі, пра якіх журналіст расказваў на старонках раённай газеты. Мог разгаварыць любога, нават самага скупога на словы чалавека. Быў прафесіяналам з вялікай літары і проста добрым чалавекам. У інтэрв’ю мясцоваму тэлебачанню падчас абласных “Дажынак” у Сянно абяцаў разам правесці пасяўную кампанію. На жаль, яна ідзе без яго…

Ала Баляславаўна ЧАРНЮК, дырэктар раённага Дома культуры:

— Пётр Пятровіч прыходзіў на кожнае мерапрыемства, якое ладзілася ў раённым Доме культуры. Рабіў прыгожыя здымкі, яму ўдавалася “падлавіць” цікавыя моманты. Вечарам фота з’яўляліся на яго старонцы ў “Аднакласніках”. А там амаль тры тысячы падпісчыкаў з розных куточкаў свету, большасць — ураджэнцы Пастаўшчыны. Добра, што родныя Пятра Пятровіча не закрылі яго старонку і ёсць магчымасць любавацца той прыгажосцю, якую ўмеў убачыць таленавіты журналіст. Ну, а цяпер пра падзеі мы сталі часцей даведвацца з сайта раённай газеты.

       Юлія ЛАЗІКЕВІЧ, журналіст “Паставы-ТБ”:

— У дзень смерці Пятра Пятровіча мы разам працавалі над асвятленнем шоу “Аўталэдзі-2017”. Ён, як заўсёды, быў у гушчыні падзей: рабіў фотаздымкі, браў інтэрв’ю, жартаваў. Нічога не прадказвала бяды. Таму сказаць, што яго раптоўная смерць мяне ўзрушыла, не сказаць нічога. Пётр Пятровіч — вопытны і таленавіты журналіст, адкрыты, шчыры чалавек. Да яго заўсёды можна было звярнуцца па прафесійную параду і канкрэтную дапамогу. Ён ніколі ні ў чым не адмовіў. Падказваў, падтрымліваў, вучыў. Асабіста я вельмі ўдзячна за гэта Пятру Пятровічу. Ён быў чалавекам з вялікай літары і такім застанецца ў маёй памяці назаўсёды.

Андрэй Іванавіч КІРПЛЮК, пенсіянер:

— З Пятром Курыловічам асабіста не быў знаёмы. Але з цікавасцю чытаў яго матэрыялы ў раённай газеце, з захапленнем глядзеў фотаздымкі на яго старонцы ў “Аднакласніках”. Бывала, не паспееш прыйсці з мерапрыемства, а фотасправаздача тут як тут. Цяпер гэтага не хапае. Адчувалася, што прафесіянал, таленавіты журналіст. Чалавек немаладых гадоў, а такі актыўны і пазітыўны. Яго смерць стала трагедыяй для многіх. Ён быў аўтарытэтам, паважаным у раёне чалавекам. І памятаць яго будуць доўга.

Запісала Анна АНІШКЕВІЧ.