Спартыўны калейдаскоп

Спорт

c253270ce65c4c2afe67849d11c0078b

Выдатна выступіла на ХХХVІ міжнародным турніры па плаванні памяці першага дырэктара НПЗ “Нафтан” А. В. Ктаторава вучаніца СШ № 2 Лізавета Кліпа. У Палацы водных відаў спорту “Садко” ў Наваполацку юная пастаўчанка заваявала сярэбраны медаль на дыстанцыі 50 метраў вольным стылем. Яна ж атрымала памятны прыз за 6-е месца па выніках барацьбы ў плавальным мнагаборстве. На гэтых вельмі прадстаўнічых спаборніцтвах Паліна Кішко фінішавала на 8-м месцы ў фінальным заплыве на дыстанцыі 100 метраў на спіне, а Ілья Сіманько прабіўся ў 20-ку мацнейшых плыўцоў.

У лепшым на Віцебшчыне Палацы воднага спорту  адбыліся і абласныя спаборніцтвы па плаванні па праграме Алімпійскіх дзён моладзі Беларусі. Паставы дастойна прадставілі  два выхаванцы трэнера Аляксандра Бучнева, бо турнір сабраў шмат моцных плыўцоў, сярод якіх  было нямала майстроў і кандыдатаў у майстры спорту. У басейне з 50-метровымі дарожкамі міжнароднага ўзроўню выдатна праплыла вучаніца СШ № 5 Аляксандра Іванькова, якая выйграла 2 бронзавыя медалі на дыстанцыях 50 м вольным стылем і 100 метраў батэрфляем. Пастаўчанін Андрэй Гутараў выканаў нарматыў 2-га дарослага разраду, які ён збіраўся пакарыць летам.

* * *

У спартыўнай зале на ФАКу завяршылі­ся традыцыйныя спаборніцтвы па міні-футболе па праграме раённай круглагадовай спартакіяды, якія сабралі сёлета 7 каманд. Другі год запар званне пераможцаў заваявалі прадстаўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, якія ў рашаючым матчы толькі ў серыі пенальці з лікам 2:1 абыгралі каманду Пастаўскага каледжа. На 3-м месцы фінішавала зборная каманда аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, услед за ёй размясціліся ў турнірнай табліцы футбалісты каманды пагранічнікаў “Рубеж”, філіяла АТП № 17, УП ЖКГ і зборная прадпрымальнікаў. Перад гэтым прайшоў падобны турнір у групе сельскіх калектываў фізкультуры, які выйграла каманда Ярэўскага сельсавета і змагла апярэдзіць фаварытаў — варапаеўцаў і каманду з Кураполля. Розыгрыш Кубка Пастаўскага раёна па міні-футболе вырашана правесці восенню пасля завяршэння чарговага чэмпіянату Віцебскай вобласці па футболе, у якім будзе ўдзельнічаць і каманда пастаўчан.

* * *

На працягу шасці дзён у Палацы гульнявых відаў спорту ў Гомелі праходзіла першынство Беларусі па валейболе сярод юнакоў 2001-2002 гадоў нараджэння, якое завяршылася ўпэўненай перамогай гаспадароў (перамаглі ва ўсіх матчах). Зборная каманда Віцебскай вобласці паслядоўна абыграла аднагодкаў з Міншчыны, Брэстчыны, са сталіцы з лікам 3:0, а таксама зборную Магілёўскай вобласці з лікам 3:1. Прадстаўнікі Прыдзвіння саступілі толькі чэмпіёнам і юнакам з Гродзенскай вобласці і заваявалі бронзавыя медалі. Такую ўзнагароду прывёз дамоў вучань 10 класа пастаўскай СШ № 4 Герман Вайцякян, які з’яўляецца асноўным лібера зборнай Віцебшчыны.

* * *

У перыяд міжсезоння дарослая футбольная каманда “Паставы-ПМЦ” зноў згуляла ў адкрытым чэмпіянаце Глыбоцкага раёна, які працягваўся па кругавой сістэме амаль тры месяцы і сабраў 11 каманд з розных куткоў вобласці. Зноў нікому, нават бронзаваму прызёру чэмпіянату Віцебскай вобласці ФК “Міёры”, не ўдалося апярэдзіць леташняга чэмпіёна — глыбоцкі “Спартак”. У міёрцаў другі год запар — сярэбраныя медалі, а вось пастаўчане завяршылі барацьбу на 4-м выні­ковым месцы. Праўда, паралельна наша каманда выступала на падобным турніры васьмі дружын Мінскай вобласці ў Мя­дзеле і там заваявала першае месца.

* * *

Другі год запар уладальнікам Суперкубка Беларусі па футболе ў складзе БАТЭ (Барысаў) стаў былы пастаўчанін —26-гадовы апорны паўабаронца Юрый Кендыш. Яго каманда ў рашаючым матчы з лікам 3:1 перамагла жодзінскае “Тарпеда-БелАЗ”, за якое зараз гуляе былы нападаючы “ПМЦ” і аўтар першага гістарычнага мяча пастаўчан у чэмпіянатах краіны нападаючы Рыгор Зубовіч.

Уладзімір ШЫК.