Сустрэліся двума скліканнямі

Общество

IMG_1934

13 красавіка ў райвыканкаме адбылося сумеснае пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў і Маладзёжнай палаты раённага Савета дэпутатаў першага і другога скліканняў. На парадку дня — ход рэалізацыі ў раёне мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2016—2020 гады, падвядзенне вынікаў работы Маладзёжнай палаты за год, выбары старшыні Маладзёжнай палаты другога склікання.

У рабоце пасяджэння прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў, старшыня раённага Савета дэпутатаў В. П. Арэхаў, яго намеснік А. М. Скрыцкі, старшыня пастаяннай камісіі па пытаннях мясцовага самакіравання і рэгламенту раённага Савета дэпутатаў М. П. Нагановіч, дэпутаты райсавета Н. А. Шылько і М. А. Кабайла, галоўны спецыяліст раённага Савета дэпутатаў А. У. Мінкевіч, начальнікі аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Г. М. Чаплінская і А. Г. Рудніцкая, першы і другі сакратары райкама БРСМ  І. А. Каралёва і В. Л. Казлоўская, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі С. У. Падгайская, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. А. Танана, намеснікі дырэктараў школ па выхаваўчай рабоце і педагогі-арганізатары.

Дакладчыкам па тэме рэалізацыі маладзёжнай палітыкі ў раёне выступіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Мікалаеўна Чаплінская. Яна паведаміла, што асноўнымі кірункамі ў рабоце з моладдзю з’яўляюцца грама­дзянска-патрыятычнае і маральнае выхаванне, прапаганда здаровага ладу жыцця, арганізацыя вольнага часу, падтрымка маладых сем’яў і спецыялістаў і іншыя, падрабязна спынілася на мерапрыемствах, акцыях і сацыяльных гарантыях, якія гэтаму садзейнічаюць.

З дзейнасцю Маладзёжнай палаты прысутных азнаёміла яе старшыня Кацярына Мацюшонак. Яна адзначыла, што ў кожнага члена палаты маюцца ідэі, задумы, творчыя планы, якія ёсць магчымасць рэалізаваць дзякуючы развіццю ў раёне маладзёжнага парламентарызму. Юнакі і дзяўчаты актыўна ўдзельнічаюць у культурна-масавых мерапрыемствах, патрыятычных і прафілактычных акцыях, добраўпарадкаванні горада і раёна, іх сэрцы адкрыты валанцёрскаму руху.

— Хачу адзначыць, што ў рэалі­зацыі ўсіх мерапрыемстваў і прадастаўленні магчымасці праявіць сябе вялікую дапамогу аказвае кіраўніцтва райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў, першы і другі сакратары райкама БРСМ, — гаварыла Кацярына. — Шчырае вам дзякуй за падтрымку, настаўніцтва і разуменне. Заклікаю новых членаў Маладзёжнай палаты быць актыўнымі і мэтанакіраванымі, і тады ўсё атрымаецца.

Судакладчыкамі Кацярыны Мацюшонак выступілі члены камісіі па папулярызацыі фі­зічнай культуры і спорту, прапагандзе здаровага ладу жыцця Арцём Кухальскі і Мікіта Семяніхін, старшыня камісіі па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі і прафілактыцы правапарушэнняў Маргарыта Ермаловіч, якія падрабязна расказалі пра рэалізацыю мала­дзёжнай палітыкі ў зоне сваёй адказнасці.

— Я ўдзячны за цудоўную працу, энтузіязм, запал і актыўную пазіцыю ўсім маладым парламентарыям і асабліва Кацярыне Мацюшонак, якая з’яўляецца сапраўдным лідарам, добрасумленна ставіцца да ўсяго, з чым сутыкаецца, — даў ацэнку дзейнасці Маладзёжнай палаты першага склікання Ю. М. Кісялёў. — Упэўнены, што палата — выдатная стартавая пляцоўка для фарміравання светапогляду, актыўнай грамадзянскай пазіцыі і палітычнай сталасці ў моладзі. І вы гэта даказалі.

Затым адбыліся выбары старшыні Маладзёжнай палаты. Зараз яе будзе ўзначальваць навучэнка СШ №4 Вікторыя Смятанка. Яе намеснікам стала Анастасія Гарус. Вольга Кубракова выбрана старшынёй камісіі па пытаннях адукацыі і прафарыентацыі школьнікаў, Мікіта Якаўлеў — па папулярызацыі фізічнай культуры і спорту, прапагандзе здаровага ладу жыцця, Ганна Кундро — па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі і прафілактыцы правапарушэнняў, Тамара Забенька — па арганізацыі вольнага часу і правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў для моладзі, Станіслаў Цярэнцьеў — па пытаннях экалогіі, развіцця валанцёрскага руху, сувязях з грамадскімі арганізацыямі і СМІ.      

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.