Трапныя стралкі

Спорт

А. Л. Чараваценка з камандай-пераможцай з каледжа.
А. Л. Чараваценка з камандай-пераможцай з каледжа.

9 красавіка на базе сярэдняй школы №1 адбыліся спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Яны праводзіліся ў рамках месячніка абаронна-патрыятычнай і спартыўнай работы, прысвечанага 72-й гадавіне Вялікай Перамогі, а таксама былі прымеркаваныя да 90-годдзя ДТСААФ.

Пасля рэгістрацыі і жараб’ёўкі каманды пастроіліся на ўрачыстае адкрыццё спартыўных спаборніцтваў. Сёлета ў іх удзельнічалі прадстаўнікі пярвічных арганізацыйных структур ДТСААФ усіх гарадскіх школ, Варапаеўскай, Камайскай і Лынтупскай сярэдніх, а таксама каледжа. Кожная каманда складалася з трэнера, дзяўчыны і двух юнакоў. З умовамі спаборніцтваў іх азнаёміў выкладчык ДТСААФ Анатолій Лаўрэнцьевіч Чараваценка і пажадаў удзельнікам цярпення,  самавалодання і імкнення да перамогі. Настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі і АБЖ СШ №1 Сяргей Генадзьевіч Сядых нагадаў меры бяспекі пры абыхо­джанні са зброяй. 

І вось каманды на агнявым рубяжы. Пры стральбе кожны імкнецца засяродзіцца на мішэні і як мага дакладней трапіць у цэль. Ніхто нават не звяртае ўвагі на тое, што і сам у сваю чаргу знаходзіцца пад пастаянным “прыцэлам” фотаапарата і відэакамеры. Выкладчыкі час ад часу пільна ўглядаюцца ў бінокль, каб даведацца, наколькі добра іх выхаванцы трапілі ў мішэнь. Побач — юнакі і дзяўчаты, якія ўжо адстраляліся альбо яшчэ толькі чакаюць сваёй чаргі.

Нарэшце, пасля напружанай барацьбы, якая доўжылася дзве з паловай гадзіны, падведзены вынікі, і ўдзельнікі пастроіліся на цырымонію ўзнагароджання. У асабістым заліку сярод кіраўнікоў каманд першае месца заняў Аляксей Васільевіч Новік (Варапаеўская СШ), другое — Аляксандр Віктаравіч Бандарэнка (СШ №1), трэцяе — Яўгеній Аляксандравіч Гатоўчык (СШ №2). Самай трапнай сярод дзяўчат стала Наталля Карандашова (СШ №4), крыху саступілі ёй Анастасія Гінько (каледж) і Наталля Дзісько (Камайская СШ). Сярод юнакоў лепшыя вынікі паказалі Арцём Атвалка (каледж), Вадзім Каравацкі (каледж) і Алег Гірвель (Камайская СШ). Камандную перамогу святкавалі прадстаўнікі каледжа, на другім месцы — СШ №4, на трэцім — Камайская СШ. Пераможцы і прызёры спаборніцтваў узнагаро­джаны дыпломамі і прызамі раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ. Дырэктар СШ №1 Павел Юр’евіч Трава і С. Г. Сядых за актыўны ўдзел у ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі, прапаганду дзейнасці ДТСААФ заахвочаны граматамі.

А 12 красавіка каманда-пераможца ў складзе Юрыя Барысавіча Трафімава, Анастасіі Гінько, Арцёма Атвалкі і Вадзіма Каравацкага прадстаўляла наш раён на абласных спаборніцтвах, дзе таксама паказала выдатныя вынікі. У асабістым першынстве сярод юнакоў не было роўных Арцёму Атвалку, які заняў першае месца і ўзнагароджаны Кубкам і дыпломам. У камандным заліку пастаўчане саступілі толькі камандзе з Наваполацка і заваявалі “серабро”, за што адзначаны Кубкам і дыпломам Віцебскай абласной арганізацыйнай структуры ДТСААФ.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.

no images were found