У комплексе


Анатолій Шляга замярае глыбіню ўзорвання глебы.
Анатолій Шляга замярае глыбіню ўзорвання глебы.

Ноччу з аўторка на сераду ў Палессі выпаў снег. Праўда, як толькі паднялося сонца, ён растаў. А вось вільгаць увабралася ў глебу, і гэта адбілася на тэмпах палявых работ.

— Сёлета аб’ёмы значна ўзраслі, — расказваў дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Янавіца-агра” Андрэй Эдуардавіч Кажурна. — Нашай гаспадарцы перадалі больш за  5000 гектараў зямлі, якая раней належала ААТ “Блакітныя азёры-агра”. 4 красавіка ў той зоне прыступілі да падрыхтоўкі глебы, на наступны дзень вывелі сеяльныя агрэгаты. Разгарнуцца на ўсю магутнасць зноў жа не дазволіла надвор’е. Сяўбу там правялі за тыдзень. Зерне лягло ў глебу на 140 гектарах лепшых земляў.

Такую ж плошчу засеялі і ў палескай зоне. Насенны матэрыял без затрымак падвозіў Генадзій Рэксць. На трактарах з сеялкамі пастараліся Валерый Глазко, Раман Панкрашоў з Лынтуп і Мікалай Жарын з Палесся. У іх гонар на тэрыторыі мехмайстэрняў сельгас­прадпрыемства развяваўся флаг. Механізатары аглядалі тэхніку: лынтупчане — у сябе на месцы, Мікалай Жарын — у Палессі. Тым часам Анатолій Шляга, Валянцін Лукашэвіч, Фёдар Бартунскі займаліся ворывам. Усе яны са стажам працы, добра ведаюць тэхніку і правілы падрыхтоўкі глебы, сочаць за агратэхнічнымі прыёмамі і якасцю іх выканання. Але работа не спорылася, бо празмерна насычаная віль­гаццю глеба наліпала на плугі, месцамі трактары буксавалі. Яўгеній Дубіновіч заехаў у майстэрню па запчастку для культыватара, падышоў да бацькі Віктара Якаўлевіча — вопытнага механізатара, параіўся і зноў заспяшаўся ў поле.

Віктар Якаўлевіч Дубіновіч з сынам Яўгенам.
Віктар Якаўлевіч Дубіновіч з сынам Яўгенам.

— Сяўба — фундамент усяго вытворчага года аграрыяў, — гаварыла намеснік дырэктара па ідэалогіі Іна Віктараўна Ягела. — Людзі зацікаўлены справіцца з палявымі работамі ў сціслыя тэрміны, але неспрыяльнае надвор’е стрымлівае тэмпы. Пасеяць трэба 1850 гектараў, з іх на 1000 — зерневыя і зернебабовыя, на 300 — рапс. Каб зацікавіць лю­дзей, распрацаваны меры матэрыяльнага заахвочвання. У майстэрні вывешваецца бюлетэнь з інфармацыяй аб зробленым кожным механізатарам і заработнай плаце за дзень і з пачатку пасяўной. За добрасумленную працу прадугледжаны розныя надбаўкі. Парушальнікі дысцыпліны іх пазбаўляюцца.

Для ўдзельнікаў палявых работ арганізавана гарачае харчаванне. Кормяць людзей не ў полі, а прывозяць на абед у мясцовую сталовую, каб маглі памыць рукі, сесці за стол у цёплым памяшканні, крыху адпачыць і смачна паесці. Абеды гатуе повар Нэля Дубіновіч, дапамагае ёй Ала Урбановіч. Плата за абед — 10 працэнтаў яго кошту, астатнія расходы бярэ на сябе гаспадарка. А вось тыя, хто “праштрафіўся”, плацяць поўны кошт.

Мікалай Жарын.
Мікалай Жарын.

— Час няпросты, — гаварыў Андрэй Эдуардавіч. — Прыхо­дзіцца на ўсім эканоміць. Тэхніку рамантавалі ўласнымі сіламі. Вялікую дапамогу механізатарам аказваў газаэлектразваршчык Павел Цярэнцьеў. Анатолій Шляга сам перабраў матор, выявіў непаладкі і ліквідаваў іх. На запчасткі патрацілі толькі 18 тысяч рублёў. Жывём за грошы, якія атрымліваем ад рэалізацыі малака і мяса. Нядаўна атрымалі таварны крэдыт на паліва. З далучэннем земляў “Блакітных азёр” узраслі і расходы. Напрыклад, ад Палесся да лынтупскіх участкаў, дзе ішла сяўба, 26 кіламетраў. Складаная глеба. У многіх гаспадарках трактары буксуюць у нізіне, у нас — наадварот. Нярэдка прыходзіцца манеўраваць і тэхнікай, і людзьмі. Механізатары пры неабходнасці мяняюць агрэгаты і выконваюць любыя аперацыі. Адказнасць хлебаробаў, іх прафесіяналізм шмат значаць. Але, каб атрымаць аддачу ад зямлі, мала ўкласці ў яе сілы і старанне. Патрэбны дастатковая колькасць угнаенняў, добрае надвор’е. Таго і другога не хапае.

Работы ў ААТ “Янавіца-агра” вядуцца ў комплексе: на ўсёй плошчы падкормлены азімы рапс, падсяваюцца шматгадовыя травы, ідзе падбор камянёў.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.