“У мяне няма канкурэнтаў”


IMG_0400

Так без ценю выхваляння, але з цвёрдай перакананасцю сцвярджае індывідуальны прадпрымальнік Галіна Чаславаўна Хаткевіч, якая займаецца ў райцэнтры рамонтам абутку.

На выбар яе будучай прафесіі паўплываў прыклад родзіча. Мар’ян Станчык  (пастаўчане старэйшага пакалення і зараз памятаюць вопытнага прафесіянала) працаваў абутніком у райбыткамбінаце. У канцы васьмідзясятых — пачатку дзевяностых гадоў, на якія прыпала Галініна маладосць, абутак быў у вялізным дэфіцыце. Да майстроў па яго індывідуальным пашыве і рамонце стаялі чэргі. Дзяўчына ўсё гэта бачыла і разумела, што прафесія абутніка запатрабаваная. Да таго ж падабаўся і сам працэс.

У Гродзенскім вучылішчы абутнікоў Галіна атрымала спецыяльнасць “Нарыхтоўшчык верху абутку індывідуальнага пашыву”. Магла і працаваць у гэтым абласным цэнтры. Але ў Паставах заставаўся адзін бацька (маці памерла, калі дзяўчыне споўнілася ўсяго пятнаццаць). Таму вярнулася ў родны горад і ўладкавалася ў райбыткамбінат. Шылі новы абутак (ён усё яшчэ заставаўся дэфіцытам), рамантавалі паношаны.

Зараз карціна зусім іншая. Толькі былі б грошы, і можна купіць усё, што пажадаеш, як айчыннай, так і замежнай вытворчасці. Але няма нічога вечнага — збіваюцца абцасікі, зношваюцца падэшвы, выходзяць са строю маланкі. Такі абутак і трапляе ў Галініны рукі на рамонт. Калі я заглянула да майстра, паліцы невялічкага пакоя, які яна арандуе ў адміністрацыйным будынку “Беліта”, былі шчыльна застаўлены ботамі, туфлямі, басаножкамі, бацільёнамі.

— Работы вельмі многа, і яна стамляе, — прызнаецца Галіна Чаславаўна. — Але гэта мая справа, я люблю яе і атрымліваю як маральнае, так і матэрыяльнае задавальненне. Працую на сябе, таму і зацікаўленасць вышэйшая, чым на дзяржаўным прадпрыемстве.

Уласную справу яна распачала шэсць гадоў таму (напачатку яшчэ працавала і начным санітарам у цэнтральнай раённай бальніцы). Былое ва ўжытку абсталяванне (швейную машынку, наждак, свідравальны станок) купляла, запазычыўшы немалыя грошы. З даўгамі ўжо разлічылася і марыць пра расшырэнне свайго бізнесу.

Па выніках мінулага года Г. Ч. Хаткевіч аказала паслуг па рамонце абутку на 126 мільёнаў недэнамінаваных рублёў і заняла другое месца ў раённым спаборніцтве сярод індывідуальных прадпрымальнікаў (першае прысуджана ўладальніку трэнажорнай залы “Рэжым” Віталію Пахомчыку). Ну, а што да канкурэнцыі, то яе сапраўды няма. Рамонтам абутку займаюцца ў раёне толькі атэлье “Боцік” райбыткамбіната і адзін прадпрымальнік. Распачыналі аналагічную ўласную справу і некаторыя іншыя, аднак дабіцца поспеху не атрымалася.

У Галіны Чаславаўны — атрымліваецца. Кліентаў усё прыбаўляецца.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота аўтара.