У Паставы з Вялікабрытаніі

Образование

Удзельнікі сустрэчы. У цэнтры — Фрэнк Плешак і Сцівен Дзілайт.
Удзельнікі сустрэчы. У цэнтры — Фрэнк Плешак і Сцівен Дзілайт.

16 сакавіка наша школа сустракала незвычайных гасцей. Іх візіт стаў вынікам шматгадовага сяброўства СШ №1 з містарам Кубіцам — грамадзянінам Вялікабрытаніі і чалавекам, чые карані на пастаўскай зямлі.

Джэры Кубіца на ўсё жыццё захаваў трапятлівыя адносіны і любоў да сваёй малой радзімы, прыязджаў сюды практычна кожную вясну, нягледзячы на немалады ўзрост. Заснавальнікам міжнароднага сяброўства з беларускага боку з’яўляецца Эдзітэ Уладзіславаўна Бушуева, настаўніца англійскай мовы, метадыст, адна з аўтараў падручнікаў па ёй.

Амаль штогод навучэнцы школ горада і гімназіі з задавальненнем прымаюць удзел у дыстанцыйным конкурсе, арганізаваным містарам Кубі­цам і брытанскім дабрачынным фондам “Our Roots Trust”. Летась конкурс праводзіўся па двух напрамках: мастацкі і літаратурны. У яго арг­камітэт было адпраўлена больш за 50 работ вучняў 6—11 класаў. Школьнікі пісалі эсэ на англійскай мове на тэмы “Закінутая вёска” і “Зімовая казка”, малявалі зімовыя пастаўскія пейзажы.

З-за праблем са здароўем Джэры Кубіца не змог прыляцець у Паставы для падвядзення вынікаў конкурсу і ўзнагароджвання пераможцаў. Таму сёлета мы сустракалі яго прыяцеля — містара Плешака, аўтара кніг пра па­дзеі Першай сусветнай вайны ў нарачанскім краі і ўдзельніка гістарычных чытанняў 2016 года ў гонар 100-годдзя Нарацкай аперацыі. На сустрэчу з ім у актавай зале СШ №1 сабраліся дзеці і педагогі не толькі нашай, але і чацвёртай і пятай гарадскіх школ, а таксама гімназіі.

Сустрэча прайшла вельмі цёпла, цікава і незвычайна. Дзеці азнаёміліся з работамі адно аднаго, была арганізавана іх выстава. Фрэнк Плешак з задавальненнем расказаў пра горад Манчэстэр, дзе пражывае з сям’ёй: яго гісторыю, славутасці, традыцыі і сімвалы, дзіўную прыроду гэтай часткі Вялікабрытаніі. Нечаканасцю для прысутных стаў розыгрыш футболкі вядомага футбольнага клуба “Манчэстэр Юнайтэд”. Яшчэ адным сюрпрызам было выступленне блюзавага музыканта Сцівена Дзілайта, які прыехаў у Беларусь упершыню ў якасці турыста. Спецыяльна да сустрэчы Сцівен вывучыў дзве песні на беларускай і рускай мовах, і дзеці з задавальненнем падпявалі яму. Мы таксама падрыхтавалі для нашых гасцей музычнае прывітанне. Вучні праспявалі “Купалінку”, “Гісторыю майго жыцця”, з якой беларускі калектыў “Navi Band” будзе выступаць на “Еўрабачанні-2017”, выканалі кампазіцыю на саксафоне.

Пераможцы конкурсу атрымалі каштоўныя прызы, а ўсе астатнія ўдзельнікі — салодкія пачастункі і ручкі з лагатыпам дабрачыннай арганізацыі “Our Roots Trust”. Даведацца імёны пераможцаў і паглядзець іх работы можна на сайце www.ourrootstrust.org/postavy_2016_77.html. Навучэнцы і педагогі доўга не хацелі адпускаць гасцей, размаўлялі з імі на англійскай мове, фатаграфаваліся, дарылі свае малюнкі. Фрэнк Плешак і Сцівен Дзілайт былі прыемна ўражаны ўзроўнем валодання дзецьмі і настаўнікамі англійскай мовай. Яны  дзякавалі ўсім за такі цёплы прыём і гасціннасць і з радасцю згадзіліся прыехаць да нас яшчэ.

Іна ПЛЕШАВЕНЯ,

настаўніца англійскай мовы СШ №1.

Фота Кацярыны КОЗІЧ.