Усё ў выдатным стане


b843775b99391c04022d3e84eb34418c

Актыўнае і насычанае культурнае жыццё нашага раёна. Чытачы “Пастаўскага краю” маюць магчымасць азнаёміцца з цікавымі рэпартажамі, фотаматэрыяламі на гэтую тэматыку. Вялікай удзячнасці заслугоўваюць работнікі культуры, адукацыі, тыя, хто з высокім прафесіяналізмам навучае дзяцей спевам, танцам, музыцы, сцэнічнаму руху, выхоў­вае ў кожным сучаснага, гарманічна развітага чалавека. Багаты раён і на таленавітых самадзейных спевакоў-салістаў, музыкантаў, фальклорныя ансамблі, імёны і назвы якіх нам усім добра вядомыя.

Адметна і тое, што ў Паставах цудоўны Дом культуры па вуліцы Станкевіча. Яшчэ з увахода, дагледжаных кветнічкаў, акуратна прыбранай тэрыторыі адчуваеш, што тут добрыя гаспадары. А ў прыгожым фае, дзе вельмі светла і ўтульна, пышна растуць дэкаратыўныя  пакаёвыя расліны, нас сустракаюць ветлівыя, тактоўныя, прыгожыя жанчыны: дзяжурныя, тэхнічныя работнікі, яны ж пры патрэбе і гардэробшчыкі.  Выклікае  захапленне ў наведвальнікаў глядзельная зала, у якой адчуваеш сябе нібыта ў палацы. Белы раяль на сцэне, ні з чым не параўнальны  пах тэатральных крэслаў, дывановыя дарожкі,  цудоўнае ўбранства сцэны, якое пастаянна абнаўляецца, яркае асвятленне, выдатныя мікрафоны і гукаўзмацняльныя калонкі —  усё спрыяе добраму настрою  артыстаў і гледачоў. Далёка не ўсе раёны маюць такія Дамы культуры, як наш.

Гэта годная ўстанова культуры можа прымаць і прымае самыя прэстыжныя калектывы не толькі з Беларусі, але і з-за яе межаў.  Грузінскі ансамбль “Салхіно”, “Песняры”, “Сябры”, Беларусы”, “Бяседа”, Нацыянальны канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, Прэзідэнцкі аркестр, Нацыянальны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны Акадэмічны Рускі тэатр імя М. Горкага — вось далёка не поўны пералік высокапрафесійных калектываў, якіх бачылі пастаўскія гледачы на раённай сцэне. А яшчэ дададзім сотні ўдзельнікаў розных  урачыстых сходаў, прафесійных свят, што праводзяцца ў нашым РДК,  і можна ўявіць, якая велізарная нагрузка кладзецца на работнікаў установы. Яны здолелі захаваць у выдатным  стане тое, што было зроблена тут да Дня пісьменства ў 2006 годзе, і дапоўніць яго, забяспечыць бездакорную работу складанай светлавой і гукавой апаратуры, усімі магчымымі сродкамі падтрымліваюць парадак. Хочацца выказаць словы павагі і ўдзячнасці  дырэктару раённага Дома культуры Але Баляславаўне Чарнюк, мастацкаму кіраўніку Алене Валянцінаўне Слядзеўскай, спецыялістам і тэхнічнаму персаналу за тое, што мы маем магчымасць бываць у сапраўдным Палацы культуры,  бачыць выступленні прафесійных артыстаў і добра адрэжысіраваныя, з цікавымі сцэнарыямі канцэрты нашых мясцовых талентаў.

Добрага настрою, прафесійных поспехаў, удзячных гледачоў, асабістага шчасця, а таксама шчодрых спонсараў  вам, шаноўныя! 

 Святлана АЛІХВЕР, удзельніца

хору ветэранаў “Памяць”.