Усё залежыць ад фінансавання

Общество

IMG_0528

З 1 студзеня 2014 года ў Беларусі ўведзены падатак на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху, што да гэтага часу выклікае хвалю неадназначнага да сябе стаўлення з боку аўтамабілістаў. Часта даводзіцца чуць: мы плацім, а дарогі лепшымі не становяцца.

Між тым, неабходна падкрэсліць, што сродкі, атрыманыя за кошт транспартнага збору, — мэтавыя. Акрамя як на будаўніцтва і капітальны рамонт дарог, а таксама будаўніцтва, рэканструкцыю і капітальны рамонт вуліц яны выкарыстоўвацца не могуць. А значыць, пры правядзенні бягучага рамонту на гэтыя грошы не прыходзіцца разлічваць. Да таго ж паміж рэгіёнамі размяркоўваецца толькі пэўная частка сабраных сродкаў, ільвіная доля іх застаецца ў рэспубліканскім бюджэце.

 — Каб мець магчымасць асвойваць сродкі ад транспартнага падатку ў раёне, у мінулым го­дзе былі распрацаваны праекты капітальнага рамонту двух участкаў вуліц у Паставах: Савецкай (ад завулка Савецкага і да скрыжавання з трасай Р110) і 17 Верасня (ад вуліцы Заводскай і да Камсамольскай плошчы), — расказвае намеснік старшыні райвыканкама Павел Станюш. — Неабходнасць капітальных змен па вуліцы Савецкай наспела ўжо даўно. У першую чаргу гэта звязана з абмежаванай колькасцю парковачных месцаў, а між тым тут заўсёды шмат машын. Людзі прыязджаюць у магазін “Родны кут”, паліклініку, а нядаўна ў гэтым мікрараёне адкрылася яшчэ і аптэка. Таму, калі займалі­ся распрацоўкай праекта рамонту гэтай вуліцы, акцэнт рабілі на будаўніцтве дзвюх аўтастаянак. Таксама тут з’явяцца новыя тратуары і вулічнае асвятленне.

Часткова рамонтныя работы па вуліцы Савецкай былі праведзены ў мінулым годзе, працягваюцца яны і цяпер (на здымку). Аднак пра канчатковае завяршэнне пакуль рана гаварыць. Выдзеленыя  на гэты год сродкі ўжо асвоены, а далей усё залежыць ад фінансавання. Паводле папярэдніх разлікаў, рэалізацыя гэтага праекта абыдзецца ў 360 тысяч рублёў. У разы даражэй (каля 820 тысяч рублёў) будуць каштаваць работы па капітальным рамонце вуліцы 17 Верасня. Павел Радзівонавіч тлумачыць:

—  Па праекце тут прадугле­джаны замена тратуараў, новае вулічнае асвятленне і, што надзвычай важна для гэтага ўчастка вуліцы, абуладкаванне ліўневай каналізацыі. Гэта дастаткова затратныя, але вельмі неабходныя работы. Той, хто часта тут ездзіць, ведае, наколькі праблематычна рухацца па вуліцы пасля дажджу. Я ўжо не гавару пра пешаходаў. Пакуль па вуліцы 17 Верасня вядуцца работы па пракладцы водаправода. У бліжэйшы час, як толькі дазволіць надвор’е, прыступім да аднаўлення асфальтабетоннага пакрыцця. Ну, а правядзенне капітальнага рамонту вуліцы цалкам залежыць ад таго, калі паступяць сродкі. 

Тэкст і фота Людмілы ЗЕЛЯНКЕВІЧ.