Вакансіі ёсць. Але не па ўсіх спецыяльнасцях

Общество

курто2

9 сакавіка бягучага года на нарадзе аб актуальных пытаннях развіцця краіны Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу да 1 мая працаўладкаваць усіх беспрацоўных, а таксама ўнесці карэктывы ў Дэкрэт №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. Пра тое, як ідзе выкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы ў нашым раёне, карэспандэнту “Пастаўскага краю” расказвае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Пётр Курто.

— Пётр Леанідавіч, працяглы перыяд Пастаўшчына была ў ліку лідараў па беспрацоўі на Віцебшчыне. А як сёння характарызуецца стан рынку працы ў раёне?

— Узровень беспрацоўя ў раёне знізіўся. На 1 красавіка 2017 года статус беспрацоўнага маюць 160 чалавек, што складае 1% ад усяго эканамічна актыўнага насельніцтва раёна. Гэта даволі добры паказчык. Зарэгістраваны 94 вакансіі: 45 — у сельскай мясцовасці, 2 — у г.п. Варапаева і 47 — у райцэнтры. Амаль палова з іх — для мужчын. Некаторыя закрываюцца з цяжкасцю, бо патрабуюць спецыяльных навыкаў, вопыту і адпаведнай адукацыі. Гэта бухгалтары, ветэрынары, інжынеры, фармацэўты і правізары.  А вось вакансіі без спецыяльнай падрыхтоўкі надзвычай запатрабаваныя.

— Раскажыце, калі ласка, пра іх падрабязней. Што гэта за вакансіі і хто можа на іх прэтэндаваць?

— У асноўным гэта грамадскія аплатныя работы: падбор камянёў, уборка лесу, дробны рамонт. Ёсць магчымасць працаўладкавання грамадзян у сельгаспрадпрыемствы раёна — на работы, звязаныя з пасяўной кампаніяй, ачысткай сянажных траншэй і ферм, а таксама добраўпарадкаванне. Для таго, каб атрымліваць дзяржаўную дапамогу, афіцыйныя беспрацоўныя абавязаны ўдзельнічаць у грамадскіх работах.  У адпаведнасці з рашэннем раённага выканаўчага камітэта, гэта 5 дзён у месяц. Аднак калі беспрацоўны пажадае працаваць звыш таго — калі ласка. Важны момант, што грамадскія работы прапануюцца як зарэгістраваным беспрацоўным, так і тым, хто не стаіць на ўліку ў аддзеле па занятасці насельніцтва. Тут ужо, што называецца, было б жаданне…

— А яно ёсць?

— Скажу так: мы імкнёмся максімальна задзейнічаць у грамадскіх работах усіх жадаючых. Той, хто сапраўды хоча працаваць, згаджаецца на любую прапанову (нават калі і заробкі не зусім задавальняюць). Не глядзяць ні на дыпломы, калі такія ёсць, ні на апошнія запісы ў працоўнай кніжцы. Хаця для ад­дзела па занятасці насельніцтва гэта актуальны момант. Без жадання чалавека на працягу першага года, як ён страціў работу і стаў афіцыйна на улік, нельга прапаноўваць яму месца не па спецыяльнасці.

Калі звярнуцца да мовы лічбаў, то за тры месяцы бягучага года з дапамогай аддзела новыя месцы работы знайшлі 318 чалавек, з іх 237 — беспрацоўныя. Рухаючыся далей у такім жа тэмпе, да 1 мая мы зможам выканаць заданне Прэзідэнта па працаўладкаванні ўсіх жадаючых. Праўда, пэўныя цяжкасці могуць узнікнуць з тымі, у каго ёсць абмежаванні па медыцынскіх паказчыках, а гэта каля 40 чалавек. 

— Якія варыянты прапануеце тым, хто не можа ўладкавацца па спецыяльнасці, а ў грамадскіх работах удзельнічаць не жадае?

— Калі свая прафесія не вельмі запатрабаваная, то заўсёды можна асвоіць новую. Для чалавека навучанне бясплатнае, бо фінансуецца з бюджэту. Да таго ж даецца гарантыя на далейшае працаўладкаванне. Зараз рыхтуем групы перанавучэнцаў: штукатураў-маляроў, станочнікаў дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў і прадаўцоў.

Адпраўляючы чалавека вучыцца, у першую чаргу неабходна думаць пра тое, дзе пасля гэтага ён будзе працаваць. Прывяду прыклад. Да нас звярнулася жанчына, якая хоча асвоіць прафесію цырульніка. Але ў Паставах пакуль не патрабуюцца такія спецыялісты. Таму прапанавалі ёй прайсці навучанне і атрымаць субсідыю (каля 2 тысяч рублёў) на адкрыццё ўласнай справы. Сродкі павінны пайсці на закупку неабходнага абсталявання. Яшчэ адзін чалавек у нашым раёне, які атрымаў такую субсідыю, плануе займацца рамонтам швейных вырабаў і галаўных убораў.    

— Дадатковую магчымасць павысіць занятасць людзей магло б даць і стварэнне новых працоўных месцаў.

— Гэта сапраўды надзвычай важная задача для любога рэгіёна. Вялікая ўвага яе вырашэнню надаецца і ў нашым раёне. З пачатку года на Пастаўшчыне за кошт стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасцей ужо з’явілася 30 новых працоўных месцаў. УП “Завод Беліт” плануе далейшае пашырэнне, таму зараз будзе набіраць работнікаў. Плануецца, у хуткім часе ў мікрараёне МСО пачне працаваць прадпрыемства ІП А. М. Бабічава па вытворчасці паркетнай дошкі. А гэта яшчэ каля сотні дадатковых працоўных месцаў.

— Пётр Леанідавіч, а як у раёне выконваюцца патрабаванні Дэкрэта №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”?

 — Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Пастаўскім раёне прадставіла ўпраўленню па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама спіс людзей, якія павінны ўносіць плацяжы на падставе гэтага дэкрэта. У ім значылася больш за паўтары тысячы чалавек. Па распараджэнні старшыні райвыканкама В. С. Гутарава для дасканалай праверкі звестак былі створаны 10 спецыяльных камісій. Іх члены абышлі літаральна кожны дом, кожную кватэру, каб атрымаць аб’ектыўную інфармацыю ад саміх лю­дзей. У выніку першапачатковы спіс скараціўся.

Работа працягваецца. У раёне створана і працуе спецыяльная камісія на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёвым, якая на пастаяннай аснове разглядае пытанні вызвалення ад платы збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў. Калі чалавек атрымаў ад падатковай інспекцыі паведамленне аб унясенні збору, але не згодны з ім, то ён мае права звярнуцца ў камісію і аспрэчыць яго. Пры наяўнасці адпаведных падстаў пытанне для чалавека вырашыцца станоўча. Кажу гэта з упэўненасцю, бо ўжо 24 чалавекі з тых 46, што звярнуліся ў райвыканкам з заявай, былі вызвалены ад платы збору.    

— Якія найчасцей сустракаюцца прычыны, што дазваляюць вызваліць чалавека ад плацяжоў па Дэкрэце №3?

— Самыя розныя. Мы імкнёмся да кожнага падыходзіць індывідуальна, з улікам усіх жыццёвых абставін. Хтосьці вядзе падсобную гаспадарку на ўласнай зямлі, хтосьці хварэе. А ёсць пэўная колькасць тых, хто даглядае хворых ці пажылых бацькоў і сваякоў. Маніторынг паказаў, што не ўсе ведаюць пра магчымасць аформіць гэта афіцыйна. Нагадаю, штодзённаму догляду падлягаюць людзі старэйшыя за 80 гадоў або інваліды I групы. Пры гэтым абавязкова павінна быць заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі. Афіцыйна афо­р­міцца даглядаць такіх асоб можа любы беспрацоўны, толькі не пенсіянер. Пры гэтым ён будзе атрымліваць грашовую дапамогу ў памеры каля 170 рублёў. 

Разумеем, наколькі часам людзям цяжка сарыентавацца ў асобных заканадаўчых нюансах, таму было прынята рашэнне стварыць у аддзеле па занятасці насельніцтва райвыканкама (пл. Леніна, 25, кабінет №29) інфармацыйны пункт. Нашы спецыялісты абавязкова пракансультуюць любога ці накіруюць у іншую службу. Сюды ж могуць звяртацца і беспрацоўныя грамадзяне па пытаннях уладкавання на грамадскія работы. Даведкі можна атрымаць і па тэлефоне 4-47-22. 

Гутарыла Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ.