Верны сябар дзяцей

Личности

podpiska

Спытайце ў дарослых, тых, хто адмераў у жыцці багата гадоў, што для іх было самым галоўным. Большасць людзей прызнаюцца: найвялікшае багацце — верныя, надзейныя сябры. З пакалення ў пакаленне народ перадае сваю мудрасць: “Чалавек без сябра, што ежа без солі”, “Лепш сто сяброў, чым сто рублёў”, “Скажы, хто твой таварыш, і я скажу, хто ты”.

Вельмі добра, што ў беларускіх дзяцей ёсць верны, надзейны і мудры сябар. Гэта беларускамоўны часопіс “Вясёлка”. Звярніце ўвагу на цудоўныя адметнасці. Літаратурная “Вясёлка” для юных чытачоў з’явілася вясною, у красавіку 1957 года. Дык жа і прыродная вясёлка-падкоўка ўпрыгожвае неба, пачынаючы з вясны. У назве часопіса — сем літар, а ў нябеснай вясёлкі — сем колераў.

Гэты часопіс ахвотна чытаюць ужо некалькі пакаленняў беларусаў. Тыя, хто трымаў у руках самыя першыя нумары нашага дзіцячага выдання, цяпер ужо маюць статус дзядулі ды бабулі, чытаюць “Вясёлку” са сваімі ўнукамі, а то і з  праўнукамі. І як бы ні мяняўся час, яна застаецца запатрабаванай. Чаму? Ды таму, што нязменна трымаецца трох сваіх вяршынь творчасці: вучыць дзяцей любіць сваю Айчыну, нястомна далучае чытачоў да роднай мовы і культуры, тактоўна падказвае, як трэба шанаваць людзей, якія вядуць іх за ручку ў вялікае жыццё.

З “Вясёлкай” сябруюць не толькі юныя чытачы, але і знакамітыя пісьменнікі, мастакі, кампазітары. Вось чаму кожны яе нумар (а ўжо ўбачылі свет 720), уяўляецца і своеасаблівай чытанкай, і дапаможнікам ва ўсіх жыццёвых праявах, і дасціпным выхавальнікам, настаўнікам.

Апошнім часам “Вясёлка” прапануе сваім патрабавальным чытачам такія цікавыя творчыя праекты, як “Свет Вялікага тэатра”, “Скарбы Нясвіжскага замка”, “Народны каляндар”, “Сямейнае чытанне”, “Дабрадзей для ўсіх дзяцей” (пра Закон аб правах дзіцяці), “Грошык і таямнічы кошык” (пра фінансавую азбуку для дзяцей). Гэтыя ды іншыя творчыя здабыткі рэдакцыі ляглі ў аснову статомнай бібліятэкі часопі­са, які мы пачалі выпускаць разам з нашымі сябрамі ў выдавецтве “Адукацыя і выхаванне”.

Штогод “Вясёлка” абнародвае да ста твораў сваіх юных аўтараў. Іх вершы, казкі, нататкі, смяшынкі, малюнкі — яркае пацвярджэнне таго, што следам за сталымі творцамі ўздымаецца таленавітая змена. Лепшыя з іх адзначаюцца прэміяй галоўнага рэдактара. А дарослыя пісьменнікі ды мастакі традыцыйна ўшаноў­ваюцца медалём Васіля Віткі, заснавальніка часопіса.

Самай знакавай падзеяй у нашым жыцці за апошнія пяць гадоў стала выданне новага часопіса для дашкольнікаў “Буся”. Яго мы выпускаем творчымі і фінансавымі намаганнямі самой “Вясёлкі”. Спадзяёмся, што наша “Буся” стане запатрабаванай для ўсіх маленькіх чытачоў Беларусі.

У юбілейным зборніку “Вясёлка”, які падрыхтавала выдавецтва “Мастацкая літаратура”, прадстаўлены аўтары і іх творы, якія цешылі нашых чытачоў апошнія пяць гадоў. Гэта яшчэ адзін знак таго, што “Вясёлка” стварала і прадаўжае ствараць літаратуру для нашых паслядоўнікаў. Нязменным застаецца жаданне “вясёлкаўцаў”, каб паштальён прыносіў “Вясёлку” і “Бусю” ў кожную сям’ю, дзе ёсць нашы чытачы. Мы былі, ёсць і будзем вернымі сябрамі дзяцей Беларусі.

 Уладзімір Ліпскі,

галоўны рэдактар часопісаў “Вясёлка”, “Буся”, 

лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.