Выступілі годна

Образование

Удзельнікі злёту: Даша Мацкевіч, Оля Бушманава, Саша Гінько, Міліке Кулёнак і Вераніка Лешчык.
Удзельнікі злёту: Даша Мацкевіч, Оля Бушманава, Саша Гінько, Міліке Кулёнак і Вераніка Лешчык.

Трэцяе месца на абласным злёце юных лесаводаў занялі члены школьнага лясніцтва “Мурашка” Старадворскай базавай школы, саступіўшы вучням Далжанскай СШ (Віцебскі лясгас) і Лужкоўскай СШ (Дзісненскі лясгас).

Конкурс праходзіў у сярэдзіне красавіка ў Віцебску, — расказвала дырэктар школы Алена Іванаўна Ластоўская. — Ініцыятарам яго правядзення не першы год выступае экалагічны ад­дзел Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі. Удзел у ім прынялі 10 каманд. У нашым ляс­ніцтве 15 чалавек. А гонар адстойвалі Міліке Кулёнак, Даша Мацкевіч, Саша Гінько, Вераніка Лешчык і Оля Бушманава. Рыхтавалі школьнікаў да выпрабаванняў і суправаджалі настаўнікі Іраіда Уладзіміраўна Каралёнак (кіраўнік лясніцтва) і Наталля Анатольеўна Лешчык.

Конкурсная праграма складалася з некалькіх этапаў. Спачатку была прэзентацыя дзейнасці. Да падрыхтоўкі візітнай карткі старадворцы падышлі творча: прадставілі сябе ў вершаванай форме з музычным суправаджэннем,  выкарыстаннем фота- і відэаматэрыялаў. А расказаць і паказаць ім ёсць што. Члены школьнага лясніцтва шмат робяць па навядзенні парадку ў лесе, уборцы прыдарожнай паласы ў вёсцы Стары Двор, пасадцы маладых дрэўцаў. Дзеці выступілі дружна. За дапамогу ў падрыхтоўцы выступлення яны ўдзячны настаўнікам Таццяне Георгіеўне Якімовіч і Іне Мікалаеўне Багдаванай.

Няпростымі былі пытанні тэарэтычнага этапа: прадэманстраваць веды па лесаразвядзенні і вырошчванні пасадачнага матэрыялу, флоры, фаўне, доглядзе і ахове лесу; назваць машыны, інструменты і абсталяванне, якія выкарыстоўваюцца ў лясной гаспадарцы; расказаць пра меры барацьбы з парушальнікамі ляснога заканадаўства і браканьерамі, правілы лесакарыстання, супрацьпажарную дзейнасць, экалогію, расліны і жывёл. Правільна адказаць на пастаўленыя пытанні дапамаглі і практычныя навыкі, якія члены школьнага лясніцтва адпрацоўваюць на занятках у Старадворскім лясніцтве. Добрым настаўнікам-практыкам для іх з’яўляецца вопытны ляснічы Юрый Юзэфавіч Чашун.

Удала справіліся і з практычным заданнем — пасадкай дрэўцаў. Не мог не падкупіць журы нумар мастацкай самадзейнасці, у якім канкурсанты сыгралі на лыжках, вырабленых з розных парод дрэў.

Удзел у конкурсе стаў магчымым дзякуючы падтрымцы дырэкцыі Пастаўскага лясгаса і аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Юным лесаводам прадаставілі прыгожую форму і транспарт. Арганізацыяй паездкі займаліся намеснік дырэктара лясгаса Аляксандр Мікалаевіч Іванькоў і работнікі раённага Цэнтра дзяцей і моладзі.

Анна АНІШКЕВІЧ.