Хроніка здарэнняў


hronika_1_0

Яшчэ адна справа

20 сакавіка на вуліцы Чырвонаармейскай у Паставах супрацоўнікі аддзялення ДАІ РАУС спынілі аўтамабіль “Форд-Эскорт”, за рулём якога знаходзіўся 42-гадовы жыхар вуліцы Станкевіча. Два гады таму мужчына быў асуджаны і пазбаўлены права кіравання транспартнымі сродкамі на 5 гадоў. Але парушыў вынесены судом прыгавор і зноў сеў за руль. За гэта ў адносінах да яго ўзбуджана яшчэ адна крымінальная справа.

Накрылі самагоншчыкаў

9 красавіка ў лясным масіве паблізу вёскі Роскаш Лынтупскага сельсавета супрацоўнікі РАУС выявілі “міні-завод” па вырабе самагону. Пазней там жа за самагонаварэннем былі затрыманы трое грамадзян, двое з якіх пражываюць у Нарачы Мядзельскага раёна, а адзін — у Скарпаўцах. Канфіскавана 46,5 літра гатовага самагону і 200 літраў брагі, а таксама самагонны апарат. У адносінах да затрыманых пачаты адміністрацыйны працэс, ім пагражае буйны штраф.

Урэзаўся ў дрэва

Вечарам 14 красавіка на вуліцы Ленінскай у райцэнтры 34-гадовы жыхар Пастаў няправільна выбраў скорасць руху і на закругленні дарогі не справіўся з кіраваннем аўтамабілем “Пежо-1007”. Машына вылецела ў кювет і ўрэзалася ў дрэва. Ад вернай смерці вадзіцеля выратавалі толькі спрацаваўшыя падушкі бяспекі. З цяжкімі траўмамі галавы і грудной клеткі, у непрытомным стане мужчыну даставілі ў рэанімацыйнае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы.

Усіх зладзеяў злавілі

З дома 30-гадовай пастаўчанкі з вуліцы Астроўскага пасля распіцця спіртных напіткаў са знаёмымі прапалі 100 рублёў. Устаноўлена, што ўкрала іх сабутэльніца, якая пражывае па завулку Аптэчным і раней была асуджана. У жыхаркі вёскі Кураполле з кватэры знік мабільны тэлефон. Як аказалася, у госці да яе ўпотай наведаўся непрацуючы, раней судзімы жыхар Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці. Яшчэ ў дзвюх пастаўчанак, якія пражываюць па вуліцы Бальнічнай і завулку Савецкім, кудысьці “з’ехалі” веласіпеды. Тут “пастараўся” 44-гадовы жыхар Макараўцаў. Узбуджаны крымінальныя справы, украдзенае канфіскавана.

Пад суд за махлярства

Раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да аднаго з работнікаў Варапаеўскага завода жалезабетонных вырабаў. У перыяд з ліпеня па снежань 2015 года ён шляхам падману і злоўжывання даверам грамадзян аформіў некалькі дагавораў падраду на рамонтныя работы, якія потым не выканаў. Тым самым завалодаў грашовымі сродкамі на суму больш за 1500 рублёў. За гэта махляру пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. 

За пагрозу забойствам

Ад штрафу да двух гадоў турмы “свеціць” 43-гадоваму жыхару вуліцы Юбілейнай у Паставах. Устаноўлена, што мужчына двойчы пагражаў забойствам сваёй жонцы: падчас сварак закрываў ёй твар рукамі і падушкай, выказваючы намер задушыць, калі тая не замаўчыць. У выніку жанчына звярнулася ў міліцыю. У адносінах да пастаўчаніна ўзбудзілі крымінальную справу.

Па зводках РАУС падрыхтавала Алена ШАПАВАЛАВА.